Рыгор Кастусёў заявіў на БТ, што без Дня Волі не было б прэзідэнта Беларусі
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў упершыню паўдзельнічаў у праграме "Клуб рэдактараў" на тэлеканале "Беларусь 1". Гаворка ішла пра нядаўнія тэракты ў Бруселі, пра праблему бежанцаў (Партыя БНФ нядаўна прымала спецыяльную заяву), пра замежную нараду апазіцыянераў і пра Дзень Волі (угодкі абвяшчэння 25 сакавіка 1918 года ў Мінску дзяржаўнай незалежнасці БНР).
Кастусёў падкрэсліў: "Для мяне было б вельмі важна, калі б і вы [Генадзь Давыдзька, вядучы праграмы], і Аляксандр Лукашэнка зразумелі, што без 25 сакавіка не было б і прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Калі б ён гэта таксама зразумеў цалкам, у нас было б і прымірэнне".
Намеснік старшыні Партыі БНФ пагадзіўся з рэдактарам газеты "СБ. Беларусь сегодня" Паўлам Якубовічам, што БНР — гэта адзін з этапаў пабудовы будучай беларускай дзяржавы, а 25 сакавіка мусіць стаць днём кансалідацыі беларускага грамадства. І калі Якубовіч лічыць, што "гэтае свята трэба паважаць", Рыгор Кастусёў выступае за тое, каб яно стала дзяржаўным (як і дзень абвяшчэння 1 студзеня 1919 года ў Смаленску савецкай Беларусі).