Сала, спірт “Раяль” і рок-н-рол: забаўныя ўспаміны музыкаў пра “Басовішча”

 Сала, спірт “Раяль” і рок-н-рол: забаўныя ўспаміны музыкаў пра “Басовішча”

19 і 20 ліпеня ў Польшчы 30-ы раз пройдзе фестываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча”. Юбілей і адначасова сумная падзея — фэст адбудзецца апошні раз

Чым запіваў спірт Ігар Варашкевіч, як “падняўся” Алег Хаменка на продажы цацкі свайго сына ды дзе згубіўся Алесь Таболіч перад выступам. Еўрарадыё разам з удзельнікамі фэсту розных часоў высвятляе, якімі смешнымі гісторыямі яны запомняць “Басовішча”. 

 

Кактэйль ад “Крамы” 

Ігар Варашкевіч з “Крамы” адзін са старажылаў “Басовішчаў”. Кажа, што ўсе смешныя гісторыі на пачатку 90-х часта былі звязаныя з ужываннем небяспечных алкагольных напояў, адным з якіх быў спірт “Раяль”.

 

 Сала, спірт “Раяль” і рок-н-рол: забаўныя ўспаміны музыкаў пра “Басовішча”

“Калі мы былі на першых “Басах”, то там яшчэ была рэчка невялічкая (зараз яе няма). Яна была акурат за сцэнай, вада была вельмі чыстая, і мы там заўсёды адпачывалі… Дык вось, налівалі гэты чысты спірт, заходзілі ў гэтую раку, пілі і… запівалі спірт вадой з ракі”, — смяецца Ігар Варашкевіч.  

На шчасце, нічым дрэнным для “крамаўцаў” такія алкагольныя эксперыменты не скончыліся. 

Варашкевіч: “Усе жывыя! Але акурат учора бачыў расійскую перадачу пра “ліхія 90-я”, дзе распавялі пра Аляксандра Іванова (савецкі і расійскі пісьменнік-сатырык. — Еўрарадыё), які ў 96-м памёр менавіта ад спірту “Раяль”. А вось нас пранесла”. 

 

Бізнес-урок ад Хаменкі 

Алег Хаменка з “Палаца” гісторыю са спіртам “Раяль” і ракой у якасці “запівону” добра ведае, бо быў яе ўдзельнікам. Музыка кажа, што смешных гісторый з “Басовішчаў” вельмі шмат, але вылучыў гісторыю пра драўлянага коніка, якая стала пэўнай легендай фестывалю сярод музыкаў. 

 Сала, спірт “Раяль” і рок-н-рол: забаўныя ўспаміны музыкаў пра “Басовішча”

Хаменка:  “Год 91-ы ці 92-і. Практычна побач са сцэнай быў стыхійны кірмаш. Шмат хто з музыкаў вёз нейкія дробязі дзеля продажу ў Польшчы, бо тады ў злотых нулёў было вельмі шмат. Я, напрыклад, павёз драўлянага коніка (была такая цацка ў майго малога, якой ён не карыстаўся). Але “Крама”, калі трэба было выпіць і закусіць, выкарыстала майго коніка для нарэзкі сала!”

На драўляным коніку засталіся адпаведныя сляды ад нажа, з-за чаго Хаменка вельмі пасварыўся з “крамаўцамі”.

“Але гэтага коніка я на кірмашы ўсё адно прадаў, і вельмі-вельмі ўдала. З гэтага коніка тады яшчэ накуплялі і таго ж сала, і шмат чаго іншага. Памятаю, што ўзялі пральны парашок, які ў тыя часы быў значна лепшы ад беларускага”, — настальгуе Алег Хаменка. 

 

Выгнанне д’ябла са сцэны  

Шоўмен і музыка Аляксандр Памідораў неаднаразова быў на “Басах” і як вядоўца фэсту, і як яго удзельнік. Усе смешныя гісторыі, кажа Памідораў, так ці інакш звязаныя са спажываннем алкаголю, аднак гэтым “Басовішча” малы чым адрозніваецца ад усіх іншых падобных мерапрыемстваў. Музыка прыгадаў выпадак, у якім алкаголь не фігураваў. 

 Сала, спірт “Раяль” і рок-н-рол: забаўныя ўспаміны музыкаў пра “Басовішча”

“Адзін маладзён стаў перад пультам гукарэжысёра падчас выступу нейкага металічнага гурта, прачытаў малітву, раскінуў рукі, у якіх аказаліся і келіхі з вадой... ды выліў іх на новы лічбавы пульт Yamaha. Такім чынам першы дзень фэсту скончыўся на тры гадзіны раней, чым мусіў. Вось так малады чалавек выганяў сатану з фестывалю. Ён быў некім рэлігійным фанатыкам, і, дзякуй богу, у келіхах было не піва, а проста вада. На наступны дзень мы неяк пульт высушылі і фэст працягнуўся”, — распавядае Памідораў.

Выпадак адбыўся недзе ў першай палове нулявых. “Выгнанне д’ябла” стала нагодай, каб паставіць на фэсце агароджы, праз якія праходзіць з напоямі ўжо стала нельга. Да гэтага па ўсёй тэрыторыі “Басоў” можна было свабодна бадзяцца.

 

"Будзь маразмам" на “Таболішчы” 

Фолк-металісты Znich у 1999-м сталі пераможцамі конкурснай часткі “Басоў”. А ўжо ў наступным годзе прыехалі на фэст як сапраўдныя рок-зоркі з адпаведнымі паводзінамі, прыгадвае лідар калектыву Алесь Таболіч. Менавіта выступ у 2000-м стаў для калектыву самым легендарным. Пачаўся ён з таго, што Таболіча 15-20 хвілін не маглі знайсці ні калегі па гурце, ні арганізатары. Ён у гэты час спаў непадалёк пад дрэвам. 

 Сала, спірт “Раяль” і рок-н-рол: забаўныя ўспаміны музыкаў пра “Басовішча”

“Са сцэны ў мікрафон крычалі: “Таболіч! Таболіч!” Пасля гэтага нават хохма пайшла пра тое, што едзем не на “Басовішча”, а на “Таболішча”… Мяне нехта разбудзіў ды пагнаў на сцэну. Я з бадуна, можна сказаць, не ў адэкваце падняўся. Штосьці прарычаў падчас 20-30-мінутнага выступу, крыкнуў “Будзь маразмам!” замест “Будзьма разам!” ды зваліўся са сцэны”, — агучвае чужыя ўспаміны пра сябе Алесь Таболіч. 

З-за гэтай гісторыі, па словах Таболіча, Znich на “Басах” і запомнілі: арганізатары разоў пяць мяняліся, а гурт на фэст стала запрашаюць. 

Znich заяўлены ў лайн-апе і гэтага года. У музыкаў будзе двайны юбілей: 30-годдзе “Басовішча” і 20-годдзе з дэбютнага выступу на фэсце. 

З поўнай праграмай сёлетяга  “Басовішча” можна азнаёміцца тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі