Саладуха: Прыходзьце яшчэ. Я, як доктар, усіх прыму (фота)

8 сакавіка. Над "Мінск-Арэнай" пралятаюць першыя буслы. А ў “Арэне” Аляксандр Саладуха рыхтуецца да канцэрта сваёй мары.

Доўгі калідор выводзіць нас адразу на мэтра Эдуарда Ханка.

"Ну, па-першае, вялікая зала — гэта ўжо перамога, правільна? — разважае Эдуард Сямёнавіч. — Саша да гэтага імкнуўся, да гэтага ішоў паступова. Па-другое, дата прыгожая, дзве пяцёркі, я дык гэта ўжо прайшоў. Па-трэцяе, дзякуючы Аляксандру, песня "Здравствуй, чужая милая" набыла папулярнасць на тэрыторыі ўсяго былога Савецкага Саюза. І, як пяецца ў маёй песні, "то ли ещё будет ой-ой-ой"".

Артыст выходзіць на сцэну ў 19.30 пасля таго, як тэлеканал АНТ абвяшчае пра запіс канцэрта і абяцае паказаць яго праз некалькі дзён.

У першай песні Саладуха дзякуе Богу за ўсё, што мае. Пасля гэтага выконвае ўсе песні з новага дыска "Верное сердце". Песні на пласцінцы падобныя да экскурсіі па біяграфіі спевака. Глядач даведваецца, што Аляксандр вырас у сям'і ваеннага, што яго родныя мясціны — возера Балхаш, дзе служыў бацька, што гады станаўлення спевака — армія.

Маленькі Аляксандр з мамай

"І па традыцыі, я гляджу, па гэтых прыступках выходзіць знаёмы мне чалавек — аперацыяністка банка, у якім я абслугоўваюся 8 гадоў, Зоя Андрэеўна! — прыкладна такім чынам сустракае Саладуха жанчын з кветкамі. — Папляскайце, калі ласка! Са святам вас, дарагая, са святам вас, мілыя жанчыны! Дзякуй, Зоя Андрэеўна, за вашу цеплыню, дабрыню, чалавечнасць і разуменне".

Відэашэраг канцэрта складаюць здымкі з прыватнага архіва Саладухі, на якіх можна ўбачыць дзіцячыя фота Аляксандра, яго бацькоў, яго дзяцей і важных падзей жыцця. Падчас выканання новага хіта “Моя женщина” на сцэну ўздымаецца жонка Аляксандра Наталля, якая эмацыйна падпявае мужу.

Аляксандр з жонкай Наталляй і дачушкай Варай падчас выканання песні "Моя женщина"

"Страшна прыемна, што беларускі артыст збірае "Мінск-Арэну". Колькі тут? 10 тысяч, напэўна, ёсць! А зала як прымае! Саша — малайчына! Лепшага пакуль няма!" — рэзюмуе Віталь Карпанаў з гурта "Дразды", віншуючы Саладуху з Днём нараджэння.

У другой частцы канцэрта Аляксандр змяняе сіні касцюм на цёмна-шэры і абяцае праспяваць свае "залатыя хіты". Публіка, якая дагэтуль абмяжоўвалася апладысментамі і перакусвала гуркамі, відавочна ажыўляецца і пачынае бадзёра падпяваць Аляксандру. Актывізуецца галёрка, якая часам скандуе “Саша”, а ў партэры робяцца заўважнымі "фрыкі" на чале з беларускай актрысай Юляй Шаўчук у цішотцы з партрэтам Саладухі і надпісам “цэйк ыт ызі гай”. Праўда, Юля кажа, што Саладуха не зразумеў гумару цішоткі. Але падміргнуў і паказаў клас.

Мункі на фоне Аляксандра ад Юлі Шаўчук і Ганны Чыстасердавай

Накал жарсцяў дасягае кульмінацыі на знакамітай “Здравствуй, чужая милая”.

“Вось, дзе б ні спяваў яе, паўсюль аднолькавая рэакцыя публікі, — цешыцца артыст. — Думаю, буду спяваць гэтую песню да канца свайго жыцця. А жыць мне да 90 гадоў”.

Аляксандр любіць лічбы. Аказваецца, канцэрт у “Мінск-Арэне” — 500 па ліку, калі кропку адліку браць за кастрычнік 2005 года. Таксама сёлета стукнула 27 гадоў творчай дзейнасці спевака. А праз тры гады, распавядае Аляксандр, свет будзе адзначаць 30-годдзе яго творчай дзейнасці. А на 10 альбоме 10 песень! Пры гэтым, Саладуха нібы жартам намякае, натуральна, у трэцяй асобе, што “час гэтаму хлопцу даваць народнага”.

На “Винограде” “Арэна” не вытрымлівае, уздымаецца з месцаў і кідаецца ў пляс. Аляксандр правакуе публіку на чарговы біс, увесь час нагадвае пра “вашы рукі”, "ідзе ў народ". Але на песні “Но мы вернёмся, обязательно вернёмся” гледачы выстройаюцца за паліто. Чамусьці, як і на леташнім шматтысячным сольніку ў Палацы спорту, публіка не жадае даслухаць свайго куміра да канца. А Аляксандр услед ёй кідае з надзеяй: “Прыходзьце яшчэ. Я, як былы доктар, усіх прыму”.

Аляксандр падчас выканання песні "Армия"

Аляксандр з сястрой Алай

Аляксандр выконвае песню "Самурай"

Сыны Аляксандра ад першага шлюбу выступілі як дуэт "Элемент"

Павіншаваць юбіляра выйшаў даўні сябра, кампазітар Алег Елісеенкаў

Эдуард Ханок выконвае песню пра Брэст

Чароўныя бэк-вакалісткі гурта "Карусель"

Відэашэраг канцэрту складалі аматарскія здымкі з сямейнага альбома маэстра Саладухі, часам вельмі душэўныя

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі