Саладуха: Улетку я працую, як камбайнёр у полі

У адмысловым нататніку ў Аляксандра Саладухі пазначаны кожны канцэрт, пачынаючы з 20 кастрычніка 2006 года. І 1 жніўня, хваліцца, у яго 460 канцэрт у 460 горадзе Беларусі. Што ж тычыцца сёлетняга жніва, то “Саладуха энд кампані” працуюць па 4 канцэрты ў тыдзень. Прычым на дробязі не разменьваюцца.



Аляксандр Саладуха: “Мне патрэбны пэўны прыбытак, вал — я ж толькі камандзе плачу 1 тысячу долараў з канцэрта!  Гук, святло, экран, праектар, аўтобус, бэк-вакал, музыканты, сыны, тэхнічны склад 5 чалавек… Таму залы мінімальныя — на 500 чалавек”.



Плюс яшчэ сама зорка беларускай эстрады. Праўда, якая ў яго асабіста стаўка, Саладуха не ўдакладняе. Дарэчы, у камандзе ў Саладухі 15 чалавек. Атрымліваецца, што кожны атрымлівае за канцэрт па 50 долараў. Затое ўвесь жнівень у спевака распісаны — “вал” забяспечаны. І 31-га ён з сям’ёй, як і плануе, можа спакойна пакавацца ў самалёт ды ляцець на адпачынак у Італію.



Іна Афанасьева ўжо наадпачывалася — была ўва Францыі, Егіпце і “яшчэ недзе там”.

Затое зараз канцэртаў хапае.



Іна Афанасьева: “Я заўсёды падыходжу такім чынам: калі ёсць магчымасць не працаваць, то неабходна яе выкарыстоўваць. А што тычыцца лета, што яшчэ засталося, то да 15 жніўня ў нас усё распісана, потым — 5 дзён перапынку і далей ізноў праца — восень таксама ўся распісаная”.



Будуць выступы ў Грузіі, у Падмаскоўі. Паводле слоў спявачкі, за тыдзень мае 4-5 выступаў. Праўда, колькі дакладна канцэртаў было і будзе, Афанасьва не ведае — падлікаў не вядзе. І прызнаецца: сёлета ў яе юбілей — 25 гадоў на сцэне. Марыць пра вялікія “сольнікі” ва ўсіх буйных гарадах краіны. Ці атрымаецца -- пакуль не вядома.



А вось у Ірыны Дарафеевай пасля таго, як яна адмовілася ад “камбайнёрскіх” тураў па палях краіны, з канцэртамі не так зайздросна, як у калег.



Ірына Дарафеева: “У жніўні збіраюся выступіць у чатырох вялікіх гарадах — гэта “стадыённыя” канцэрты. Плануецца яшчэ дзесьці 20 маіх вялікіх сольных канцэртаў да канца восені”.



Палова чэрвеня ў Аляксандра Ціхановіча і яго калектыву вылецела з канцэртнага графіку. Спачатку, распавядае, рыхтаваліся да “Славянскага базару”, потым планавалі выправіцца на адпачынак, але нешта не “склеілася”, і таму проста займаліся хатнімі справамі. Але зараз пачынаецца!



Аляксандр Ціхановіч: “Заўтра мы вылятаем у Краснадар, вяртаемся ў Мінск і ляцім у Саратаў, Маскву, Кемерава, Санкт-Пецярбург. І абавязкова працуем у Беларусі — канцэрты тут перамяшаныя з расійскімі гастролямі”.



Прычым для Ціхановіча няма розніцы — дзе і за колькі выступаць.



Аляксандр Ціхановіч: “Артысту павінна быць усё адно — Карнэгі-хол альбо самая апошняя пляцоўка на аўтамабілі. Сітуацыі бываць розныя, і артыст павінен быць гнуткім у сваіх меркантыльных пытаннях”.



А “энергетычны зарад” ад выступаў у невялічкіх залах часам перавышаюць кайф ад стадыённых выступаў, сцвярджае аксакал беларускага шоў-бізнесу.

Фота: kp.by і з архіваў артыстаў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі