Салдата Бенеша, які выступіў супраць дзедаўшчыны, зноўку будуць судзіць
Пасля таго, як суд вызваліў Акіма ад адказнасці, салдат правёў 20 сутак на гаўптвахце, чакае суда і, па словах бацькі, рэзаў вены.
Нагадаем, што Акім Бенеш быў прызваны ў часць супрацьпаветранай абароны 30151 пад Фаніпалем. Увесну гэтага года падчас суда, дзе салдата абвінавачвалі ў нестатутных узаемаадносінах, ён публічна выказаўся наконт сітуацыі у часці: начныя пад’ёмы, адцісканні, “кандагарскія масты”. Акім Бенеш пачаў змагацца з праявай і ў адной з боек ударыў так званага палагена ― салдата-аднагодку, які выступаў на баку дзядоў.
Пацярпелы таксама пацвердзіў некаторыя факты, у тым ліку прызнаўся, што таксама наносіў удар Акіму Бенешу. У выніку Мінскі міжгарнізонны ваенны суд вызваліў хлопца ад крымінальнай адказнасці. Аднак, відаць, наіўна было меркаваць, што салдата пакінуць у спакоі.
Аказалася, што пасля суда выпрабаванні ў яго працягнуліся.
“Падчас суда высветліўся адзін момант, пра які я сам казаў. Пацярпеламу я нанёс удар на апераджэнне. Пасля гэтага мяне збілі ўдвух. Калі пра гэты інцыдэнт даведаліся, то мне вынеслі пракурорскае папярэджанне і на падставе яго адправілі на гаўпвахту на 10 сутак, ― распавядае Акім Еўрарадыё. З салдатам нам удалося звязацца праз бацькоў, калі яго адпусцілі ў 10-дзённы адпачынак. ― Я быў у адзіночнай камеры. Але супрацоўнікам аднойчы не спадабалася мая ўсмешка, гэта палічылі “нетактоўнымі паводзінамі” і пакінулі яшчэ на 10 сутак адзіночнай камеры”.
Еўрарадыё: То бок вас зноўку будуць судзіць па артыкуле 443 частка 1?
Акім Бенеш: Мяне тады прымірылі з пацярпелым. Але абвінаваўца быў незадаволены такім прысудам. І 18 ліпеня будзе перагляд справы ў Беларускім вайсковым судзе па вуліцы Азгура.
Еўрарадыё: Калі ў вас павінна скончыцца служба?
Акім Бенеш: З улікам гаўптвахты ― 11 снежня 2013 года. Але як яно будзе ― невядома.
Еўрарадыё: Дзе вы служыце цяпер?
Акім Бенеш: У бабруйскай часці 256869. Тут служба ідзе вельмі добра, добры і афіцэрскі склад. Цалкам прытрымліваюцца статута і добры калектыў. У параўнанні з часцю 30151 ёсць вялікая розніца. Раней на нейкі час я быў прыкамандзіраваны ў Мачулішчы, там таксама было нармальна. Незразумелая сітуацыя была толькі пад Фаніпалем.
Еўрарадыё: Гаўптвахта, суд, напружанне… Гэта адбываецца толькі з вамі ці праз гэта прайшлі і іншыя салдаты з фаніпальскай часці?
Акім Бенеш: Я не ведаю, я з імі зносінаў не маю.
Раней бацька Акіма Бенеша паведаміў, што бачыў на руцэ сына чатыры парэзы, замазаныя зялёнкай. На яго думку, утрыманне сына на гаўптвахце ў адзіночнай камеры рабілася дзеля таго, каб адпомсціць маладому салдату і зламаць яго.
Нагадаем і пра тое, што фаніпальскую ваенную часць 30151 скалыхнула раней іншым трагічным здарэннем. У 2009 годзе тут да смерці збілі радавога Валерыя Шкута. Спачатку ў арміі гібель салдата патлумачылі “раптоўнай смерцю без вядомых прычын”. Праўда, потым факты дзедаўшчыны былі даказаны, восем салдат тады асудзілі.
На гэты раз праяваў дзедаўшчыны ў часці 30151 узброеныя сілы не прызнаюць.
“Даходзіць да анекдота: чалавек на ўзроўні майстра спорту збівае свайго таварыша, з кім яны прызваны ў адзін і той жа дзень. Што тычыцца падзеяў 2009 года, то на іх была пастаўлена кропка, ― кажа прэс-сакратар Міністэрства абароны Беларусі Уладзімір Макараў. ― Так можаце і падкрэсліць: наша сістэма падтрымання правапарадку ў арміі такая, што кожнае злачынства рана ці позна будзе выяўлена і вінаваты панясе пакаранне. Што і было зроблена ў 2009 годзе, вялікая праца была прароблена пракуратурай”.
Еўрарадыё: Часць 30151 шмат разоў трапляла ў СМІ з-за скандалаў, звязаных з нестатутнымі ўзаемаадносінамі. Ці былі пакараны адказныя афіцэры пасля публікацый у прэсе?
Уладзімір Макараў: Небяспека нестатутных узаемаадносінаў у беларускай арміі на некалькі парадкаў больш нізкая, чым у амерыканцаў і ў іншых краінах дальняга замежжа. У нас па азначэнні не можа быць сітуацый, калі да адказнасці прыцягваюцца дзясяткі людзей ці калі ёсць сотні такіх выпадкаў на сексуальнай глебе, ці калі прымушаюць прымаць спіртныя напоі ў вялікай колькасці і наступае лятальны канец. У кампетэнцыі службовых асоб ― спыніць наступленне цяжкіх наступстваў. Калі гэта зроблена, то афіцэрам гонар і хвала. Калі правапарушэнне выяўляе ўрач, то ніякай літасці да службовых асоб не будзе. У дадзеным выпадку дзедаўшчыны не было.