Самалёт Як-130 не залятаў з Беларусі ва Украіну
Самалёт Як-130
На тэрыторыю Украіны з Беларусі заляцеў самалёт, паведамляюць украінскія маніторынгавыя тг-каналы.
Мяжу ён перасёк каля 14:25 каля вёскі Дзятлік у Нараўлянскім раёне Беларусі, удакладняе "Беларускі Гаюн".
Яго апазналі як знішчальнік Як-130 — гэта вучэбна-баявы самалёт. Паводле некаторых звестак, ён заляцеў на мяжу Кіеўскай і Жытомірскай абласцей.
Ва ўкраінскіх тг-каналах таксама гаворыцца, што ў той самы час на мяжы з Жытомірскай вобласцю лятаў беларускі самалёт Су-30СМ, які вылецеў з аэрадрома Баранавічы. Ён, на думку каментатараў, мог пусціць "фальш-цэль".
Аднак пазней украінскія Паветраныя Сілы заявілі, што "факту парушэння паветранай прасторы Украіны з тэрыторыі Беларусі не ўстаноўлена". Мяркуецца, што "была выкарыстаная радыёлакацыйная перашкода".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.