Самыя вядомыя інтэрнацыянальныя шлюбы ў беларускім спорце
Еўрарадыё згадвае, як склаліся лёсы беларускіх спартсменаў, якія пабраліся шлюбамі з замежнікамі.
Кацярына і Вілфрыд Карстэн
Шматразовая алімпійская чэмпіёнка па акадэмічным веславанні Кацярына, тады яшчэ Хадатовіч, сустрэла нямецкага бізнесоўца Вільфрыда Карстэна падчас збораў у Брэсце, а праз тры гады ў 1998-м годзе яны пабраліся шлюбам. У пары ёсць дачка Аляксандра. Кацярына стала жыве і трэніруецца ў Германіі, але захоўвае беларускае грамадзянства і часта наведвае Радзіму. У сваім колішнім інтэр’ю “Камсамольскай праўдзе” яна прызнавалася, што немкай так і не стала ў адрозненне ад дачкі:
"Яна адчувае сябе немкай. Нямецкая школа, нямецкія сябры... У гэтым плане яна нічым ад сваіх аднагодак не адрозніваецца. Але і сваю родную мову яна не забывае, я з ёй дома толькі на рускай размаўляю".
Руслан і Бэтан Салей
Беларуская зорка НХЛ Руслан Салей пазнаёміўся з прыгажуняй з сонечнай Каліфорніі Бэтан у 1998-м годзе. Праз пяць гадоў пасля першай сустрэчы ён зрабіў ёй прапанову рукі і сэрца. Шлюб Руслана і Бэтан быў надзвычай шчаслівым. У ім нарадзілася трое дзетак — Алексіс, Эйва і Аляксандра. Але 7 верасня 2011-га года ў авіяаварыіі ў Яраслаўлі трагічна абарвалася жыццё хакеіста. На 40 дзень пасля яго гібелі Бэтан разам з дзецьмі прынялі праваслаўе і кожнае лета імкнуцца наведваць радзіму Руслана.
Міхаіл і Кэтлін Грабоўскія
Яшчэ адзін вядомы прадстаўнік Беларусі ў НХЛ, Міхаіл Грабоўскі таксама сустрэў сваё шчасце за акіянам. Яго жонкай стала канадская мадэль Кэтлін. Шлюбам пара пабралася толькі праз чатыры гады стасункаў і з’яўлення на свет дачкі Лілі і сына Джагера. У якіх, дарэчы, па два грамадзянствы — беларускае і канадскае. Пра гэта хакеіст паведаміў падчас свайго інтэрв'ю тэлеканалу СТВ:
"Я ім пашпарты зрабіў беларускія. Вельмі хачу, каб яны кожнае лета прыязджалі, вучылі мову беларускую. Таму што ўсё-такі я адтуль і сябе адчуваю беларусам".
Сяргей і Патрыцыя Крывец
Гулец французскага клуба “Мец” і нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі Сяргей Крывец стаў сямейным чалавекам у 2013-м годзе. Са сваёй абранніцай, полькай Патрыцыяй Сяргей пазнаёміўся, калі гуляў за польскі клуб “Лех”. Дзеля таго, каб заўсёды быць побач з каханым, дзяўчына кінула добрую працу ў Польшчы.
Алег і Юргіта Кажанец
Беларускі баскетбаліст паехаў на вучобу ў ЗША, а сустрэў там сваю другую палову. Літоўка Юргіта таксама займалася баскетболам і вучылася ў тым жа самым універсітэце, што і Алег. Праз тры гады адносін яны пабраліся шлюбам. Сямейную баскетбольную дынастыю працягвае і іх сын Алег-малодшы.
Алена Попчанка і Фрэдэрык Верню
Алена стала першай чэмпіёнкай свету па плаванні ў суверэннай гісторыі Беларусі. У 2003-м годзе яна заваявала золата ў вольным стылі на 200 метраў. Але ўжо праз два гады Алена выходзіць замуж за свайго французскага трэнера Фрэдэрыка Верню, бярэ французскае грамадзянства і пачынае паспяхова выступаць за Францыю. Так, у 2006 годзе яна становіцца чэмпіёнкай Еўропы ў вольным стылі на кароткай вадзе, а на Алімпіядзе ў Пекіне ў 2008 годзе здабывае пятае месца ў эстафеце вольным стылем.
“Я лічу, што мяне з Фрэдам звёў лёс. І лепш за ўсё мы сябе адчуваем, калі нам ніхто не перашкаджае. Нам проста добра ўдваіх”, — дзялілася сваімі эмоцыямі Алена.
Фота: kp.by, sport.tut.by, newsvm.com, Facebook, Instagram, pressball.by