Санду: Малдова будзе мадэрнізаваць сваю армію
Малдова будзе мадэрнізаваць сваю армію. Пра гэта заявіла прэзідэнт краіны Мая Санду. 27 красавіка яна выступіла на цырымоніі, прысвечанай 30-годдзю Генштаба Нацыянальнай арміі і Дню дзяржаўнага сцяга. Санду падкрэсліла, што Малдова павінна прыкласці ўсе намаганні для стварэння прафесійнай і сучаснай арміі. "Гэта інвестыцыя ў бяспеку і абарону краіны", — цытуе яе словы newsmaker.md.
Мая Санду прызнала, што раней улады недастаткова займаліся пытаннем развіцця абароннага сектару, з-за чаго цяпер "у краіны няма неабходнай абароны". Арміі Малдовы не хапае вайсковай тэхнікі, забеспячэння.
"Цяпер, калі прама на мяжы ідзе вайна, мы гэта выдатна разумеем, — працягвае прэзідэнт. — Інвестыцыі ў войска неабходныя, гэта важна для дзяржавы, інфраструктуры, бяспекі".
Санду заявіла, што "моцная і добра забяспечаная армія дае краіне свабоду дзеянняў, упэўненасць у сабе і стратэгічны выбар".
Пытанні бяспекі сталі асабліва актуальныя ў Малдове на фоне вайны ва Украіне і апошніх падзей у Прыднястроўі. У апошнім знаходзяцца расійскія войскі. У апошнія дні там адбываюцца дыверсіі. Мяркуецца, што Расія з дапамогай дэстабілізацыі сітуацыі ў Прыднястроўі спрабуе адцягнуць частку ўкраінскіх сіл да мяжы. Не выключаюцца і планы РФ па арганізацыі правакацый супраць самой Малдовы.
Кішынёў дагэтуль паводзіў сябе асцярожна, але ўжо ідзе барацьба з расійскай прапагандай. У красавіку ў Малдове забаранілі георгіеўскую стужку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.