Арменія вырашыла праігнараваць "Славянскі базар"
Сюзана Мелканян і Яна Сцепанян у Беларусь не паедуць
Дэлегацыя Арменіі ў гэтым годзе не прыедзе на міжародны конкурс песні "Славянскі базар" у Беларусь. Гэта звязана з пагаршэннем афіцыйных дачыненняў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.
"Мы поўныя надзеі, што ўзніклая палітычная бязладзіца ў найбліжэйшай будучыні вырашыцца на аснове любові і салідарнасці, і сяброўскія адносіны паміж двума народамі працягнуцца", — цытуе armenpress.am заяву Урэжа Кіракасяна, кіраўніка афіцыйнай армянскай дэлегацыі, дырэктара Ерэванскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтва імя Шарля Азнавура.
Прадстаўнікамі Арменіі на конкурсе "Славянскі базар 2024" былі б пераможца многіх конкурсаў спявачка Сюзана Мелканян і 9-гадовая Яна Сцепанян.
Амаль два тыдні таму прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што ні ён, ні іншы армянскі чыноўнік не наведае Беларусь, пакуль ва ўладзе ў краіне застаецца Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама лічыць, што Лукашэнка як "адзін з кіраўнікоў АДКБ" павінен папрасіць прабачэння за тое, што "жадаў перамогі Азербайджана" ў канфлікце ў Нагорным Карабаху. Ерэван тады адклікаў з Беларусі армянскага пасла. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў адказ адклікаў свайго пасла з Арменіі для кансультацый.
А нядаўна МЗС РБ перадаў Арменіі ноту. Адбылося гэта на наступны дзень пасля сустрэчы кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святланы Ціханоўскай з кіраўніком армянскага МЗС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.