Санкцыі супраць Беларусі абмяркоўваліся падчас візіту ў ЗША кіраўніка МЗС Латвіі
Кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс і намеснік Дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман / mfa.gov.lv
Міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю і санкцыі супраць Мінска сталі адной з тэм перамоваў кіраўніка МЗС Латвіі Эдгарса Рынкевічса з намеснікам дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман. Сустрэча адбылася напярэдадні ў Вашынгтоне, паведамляе прэс-служба МЗС Латвіі.
На думку латвійскага міністра, Лукашэнка застаецца ва ўладзе пры падтрымцы Расіі. І менавіта рэжым Лукашэнкі нясе адказнасць за міграцыйны крызіс, які паўстаў на межах ЕС з Беларуссю.
"Гэта асіметрычны адказ на прымяненне санкцый ЕС. Рэжым Лукашэнкі арганізуе і палягчае прыбыцце грамадзян трэціх краін на мяжы ЕС, што з улікам пагодных умоў падвяргае іх небяспецы", — заявіў Рынкевічс. На ягоную думку, "беларускія органы ўлады павінны ўзяць на сябе поўную адказнасць за тое, што адбываецца, і перастаць выкарыстоўваць безабаронных людзей у палітычных мэтах".
Ён таксама нагадаў аб новым пакеце санкцый, які ў цяперашні час рыхтуе ЕС. Яны павінны стаць адказам на сітуацыю на мяжы.
На сустрэчы латвійскага міністра ў Дзярждэпартаменце ЗША таксама абмяркоўваліся тэмы двухбаковага супрацоўніцтва, трансатлантычных адносін, Ініцыятывы трох мораў (гэта аб'яднанне 12 дзяржаў ЕС, якія маюць выхад да Адрыятычнага, Балтыйскага і Чорнага мораў), а таксама супрацоўніцтва ў рамках НАТА.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.