Санстанцыя: Мы самі ратуемся толькі вентылятарамі

Пра гэта не ўсе ведаюць, але максімальна магчымы час знаходжання на працоўным месцы моцна залежыць ад тэмпературы паветра. Напрыклад, калі ў вашым офісе альбо цэху няма кандыцыянера і ў спёку тэмпература паветра дасягае 30 градусаў (што цалкам верагодна), вы можаце спаслацца на санітарныя нормы і пайсці дадому ўжо пасля 5 гадзін працы. Калі тэмпература на вашым працоўным месцы 30,5 — усяго пасля 4. Праўда, беларусы гэтым амаль не карыстаюцца:

“Такія нормы ёсць, але да нас пакуль ніхто не звяртаўся. Не было такіх скаргаў. Мы на сваім сайце павесілі інфармацыю. Там жа нам можна паведаміць аб парушэннях, напісаць нам ліст”, — расказвае намеснік галоўнага урача Віцебскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Аляксандр Перадкоў.

Сайт службы дае парады, не знаходзіцца без патрэбы на вуліцы пад сонцам, пазбягаць фізічнай актыўнасці, пільна правяраць тэрміны прыдатнасці прадуктаў у крамах (у спякоту яны псуюцца асабліва хутка), праветрываць памяшканні, апранаць светлую вопратку з натуральных тканін, адмовіцца ад тлустай ежы, адмовіцца ад цыгарэтаў і алкаголю ды шмат чаго іншага.

У Брэсцкім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароў’я Еўрарадыё расказваюць, што таксама не атрымлівалі пакуль скаргаў ад людзей:

“Ніхто не скардзіцца. Хаця ў горадзе спёка, вядома. Мы інфармуем людзей, што рабіць, як уратавацца ад анамальных тэмператур. Пакуль не фіксавалі трагічных выпадкаў, звязаных са спёкай”.

Пытаюся, як медыкі ратуюцца ад высокай тэмпературы самі. Спякотна не толькі на заводах, у офісах і грамадскім транспарце — у санстанцыях таксама. Аляксандр Перадкоў з Віцебска смяецца і расказвае, што асаблівых сакрэтаў яго падначаленыя не маюць:

“Ну як ратуемся — вокны адкрываем, праветрываем. Працоўны дзень не скарачалі, бо ў нас большасць супрацоўнікаў пастаянна на выездах. Тут цяжка неяк пралічыць, колькі хто і пры якой тэмпературы працуе. То мы неяк так. Працоўны дзень не скарачалі”.

Час знаходжання на працоўным месцы ў залежнасці ад тэмпературы:

28 — 8 гадзін

28,5 — 7 гадзін

29 — 6 гадзін

29,5 — 5,5 гадзіны

30 — 5 гадзін

30,5 — 4 гадзін

31 — 3 гадзіны

31,5 — 2,5 гадзіны

32 — 2 гадзіны

32,5 — 1 гадзіна

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі