Саўмін: Абмяркуем "Дэкрэт аб ПВТ 2.0", калі скончым працу над ім
Фота: my-baby.by
Савет міністраў адмовіўся даслаць Еўрарадыё праект дэкрэта "Аб Парку высокіх тэхналогій". А грамадскае абмеркаванне дакумента калі і адбудзецца, дык толькі тады, калі ён будзе ўжо гатовы. Гэта вынікае з ліста, які наша рэдакцыя атрымала з Міністэрства сувязі і інфарматызацыі пасля запыту, накіраванага ў Саўмін:
"Пры наяўнасці падставаў пытанне аб вынясенні праекта Дэкрэта на грамадскае абмеркаванне будзе разгледжана ва ўстаноўленым парадку па заканчэнні распрацоўкі гэтага праекта".
"У цяперашні час распрацоўка [дэкрэта] не завершаная, у сувязі з чым не ўяўляецца магчымым прадаставіць праект Дэкрэта для азнаямлення", — сказана ў адказе Міністэрства сувязі і інфарматызацыі.
IT-інвестар і адзін з ідэолагаў новага дэкрэта Віктар Пракапеня вельмі здзіўлены тым, што дакумент да гэтага часу не трапіў да журналістаў:
"Дарэчы, можа мне хто-небудзь растлумачыць, як наогул такое магчыма ў нашай краіне — дэкрэт аб ПВТ 2.0 знаходзіцца на руках у сотняў людзей і ніяк не можа зліцца ў СМІ, каб усім было спакайней? У мяне нуль ідэй, як растлумачыць гэта".
У Еўрарадыё ёсць адна ідэя. Адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій ужо больш за месяц не адказвае на наш запыт пра тэкст праекта "Дэкрэта аб ПВТ 2.0", тым самым парушаючы закон "Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў". Ну не хочуць яны, "каб усім было спакайней", што зробіш!