Саўмін перадае бюджэт-2014 на абмеркаванне ў Палату прадстаўнікоў

Пра гэта Еўрарадыё паведаміла кіраўніца прэс-службы Савета міністраў Вольга Доўгая:



“У нас толькі прынятае рашэнне накіраваць праект бюджэту ў парламент. І сёння, я думаю, ён ужо там будзе”.

Цалкам магчыма, што з пачатку восеньскай сесіі дэпутаты працавалі з іншым праектам бюджэту, разлічаным сыходзячы з новага падатку на дададзеную вартасць (ПДВ) — 22% замест 20%. Як стала вядома Еўрарадыё, гэты праект бюджэту меў дэфіцыт больш як у 10 трыльёнаў рублёў. Яго выдаткі складалі 129,2 трлн рублёў, даходы — 118,6 трлн.



ПДВ складаў 62% даходнай часткі бюджэту. Падаткам на дададзеную вартасць планавалася сабраць 71,8 трыльёнаў рублёў — на 14 трыльёнаў больш, чым летась. Але 31 кастрычніка віцэ-прэм’ер Пётр Пракаповіч паведаміў, што ўрад адмовіўся ад падвышэння стаўкі ПДВ. У 2014 годзе яе плануецца захаваць на ўзроўні ў 20%.

У сувязі з гэтым праект бюджэту давялося карэктаваць — гэтым займалася Міністэрства фінансаў. І вось зараз, нарэшце, абноўлены бюджэт прайшоў узгадненні ў Саўміне і паступае на разгляд дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Нагадаем, восеньская сесія Нацыянальнага сходу пачалася 2 кастрычніка. Яе працягласць не можа скласці болей за 80 дзён. Абмеркаванне праекту закона “Аб рэспубліканскім бюджэце на 2014 год” запланаванае ў раскладзе адразу некалькіх камісій Палаты прадстаўнікоў з 5 па 8 лістапада.

Фота — Fotolia
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі