Мінкульт паабяцаў вярнуць Саюзу беларускіх пісьменнікаў творчы статус
Саюз беларускіх пісьменнікаў атрымаў ад Міністэрства культуры адказ на свой зварот наконт уключэння ў спіс творчых саюзаў. Ліст, датаваны 6 сакавіка, падпісала намесніца міністра Ірына Дрыга. Пра гэта Еўрарадыё распавёў старшыня СБП Барыс Пятровіч.
Дрыга падзякавала арганізацыі пісьменнікаў за дасланы зварот і паабяцала, што ў пастанову Мінкульту №7 у вызначаным парадку будуць унесеныя змены. Як можна меркаваць, у выніку Саюз беларускіх пісьменнікаў будзе залічаны ў спіс творчых саюзаў. Адпаведна, яго сябры будуць мець правы творчых саюзаў — напрыклад, не будуць лічыцца "дармаедамі".
Тым не менш, у панядзелак, 13 сакавіка, у Мінкульту пойдзе супольны ліст ад СБП, ПЭН-цэнтра і "Беларускай асацыяцыі журналістаў" з патрабаваннем прызнаць гэтыя арганізацыі творчымі саюзамі.
Нагадаем, пастанова Мінкультуры №7 ад 30 студзеня 2017 года вызначыла спіс творчых саюзаў. У яго не ўвайшла ні адна з пісьменніцкіх арганізацыяў, якія не падтрымліваюць цяперашнюю ўладу, а таксама БАЖ. Аналагічныя прадзяржаўныя аб'яднанні прызнаныя творчымі арганізацыямі.