СБУ абвергла заяву пра катаванні "беларускага шпіёна"
Ва Украіне завяршылі дасудовае расследаванне па справе 32-гадовага грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыка, якога падазраюць у шпіянажы. Цяпер Палітыка і ягоны адвакат знаёмяцца з матэрыяламі справы, паведамляе тэлеканал "Белсат".
У афіцыйным лісце са Службы бяспекі Украіны таксама гаворыцца, што да беларуса не ўжывалі ніякіх забароненых метадаў следства.
"Падчас затрымання, правядзення следчых дзеянняў ды канваявання згаданай Вамі асобы ніякага псіхалагічнага, фізічнага ды іншага ціску на яго не ажыццяўлялася. Недазволеныя метады да яго супрацоўнікамі УСБУ па Чарнігаўскай вобласці не выкарыстоўваліся. Пацверджаннем гэтага з’яўляецца ягоная заява ад 20.06.2017 г.", — адзначаюць ва украінскай спецслужбе. Пры гэтым у адказе не ўдакладняецца, пра якую заяву затрыманага ідзе гаворка.
Нашага суайчынніка, як паведамлялася раней, затрымалі на мяжы 16 чэрвеня. Паводле ўкраінцаў, беларус у інтарэсах трэцяга боку збіраў на тэрыторыі Украіны звесткі пра антытэрарыстычную аперацыю на Данбасе, якія з'яўляюцца дзяржаўнай таямніцай. Украінскія спецслужбы заяўляюць, што атрыманую інфармацыю ён зашыфраваў і захоўваў на карце памяці свайго мабільніка.
На пачатку студзеня 2018 года ў беларускіх СМІ з'явіўся ліст затрыманага Юрыя Палітыка ў амбасаду Беларусі ў Кіеве. Ён заявіў, што ўсе паказанні даваў пад катаваннямі, ніколі не працаваў на беларускі КДБ і не збіраў сакрэтныя звесткі для Расіі.