Серэну Уільямс назвалі спартсменкай году, хоць яна не выступала са студзеня
Амерыканская тэнісістка Серэна Уільямс названая найлепшай Спартсменкай года па версіі Міжнароднай асацыяцыі спартовай прэсы (AIPS). У галасаванні ўдзельнічалі 517 журналістаў з 112 краінаў і іх зусім не збянтэжыла, што Уільямс амаль не выступала сёлета. Апошнім разам яна выходзіла на корт 28 студзеня, а потым зрабіла вялікі перапынак на час цяжарнасці.
Экс-першая ракетка свету набрала ў галасаванні 651 ачко (13,99%) і апярэдзіла плыўчыху з Венгрыі Катынку Хошсу (631 ачко). Хошсу адзначылася тым, што на сёлетнім чэмпіянаце свету ўзяла два залатых, адзін сярэбраны і адзін бронзавы медаль. Тройку замкнула амерыканская бягуха Элісан Фелікс (495 галасоў).
Серэна Уільямс 1 верасня нарадзіла дачку Алексіс Алімпію, а ў лістападзе выйшла замуж за яе бацьку, заснавальніка Reddit Алексіса Аганяна, з якім дагэтуль два гады была ў адносінах.