Сейм Літвы выступае за спыненне будаўніцтва Беларускай АЭС
Сейм Літвы заклікае прыняць меры для спынення будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі. Такую рэзалюцыю літоўскі парламент прыняў 12 траўня "ў сувязі з магчымай небяспекай для Літвы Астравецкай атамнай электрастанцыі, якая будуецца за 50 км ад Вільні".
Літоўскія дэпутаты заклікалі свой урад "прыняць усе неабходныя дыпламатычныя, юрыдычныя, тэхнічныя меры, каб будаўніцтва было спынена". Яны вырашылі "накіраваць Беларусі сігнал, што Літва не прыме электраэнергію, якая будзе выпрацоўвацца на гэтай АЭС". У сувязі з гэтым кабінету міністраў прапанавана "неадкладна, вельмі цвёрда і ў катэгарычным выглядзе выказаць Беларусі волю Літвы". План канкрэтных дзеянняў у гэтым кірунку ўрад павінен прадаставіць дэпутатам да 1 чэрвеня.
Прэм'ер-міністр Літвы Альгірдас Буткявічус мае намер абмеркаваць праблему бяспекі БелАЭС са старшынёй Еўракамісіі Жан-Клодам Юнкерам, інфармуе БелаПАН.
Афіцыйная Вільня неаднаразова падкрэслівала, што Літва не мае намеру купляць электраэнергію з Беларускай АЭС. З пункту гледжання літоўскага боку, будаўніцтва станцыі парушае патрабаванні Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце, якая прадугледжвае ацэнку ўздзеяння аб'ектаў на навакольнае асяроддзе не толькі ўнутры краіны, але і ў сумежных краінах.
Увод у эксплуатацыю першага блока АЭС запланаваны да 2018 года, другога — да ліпеня 2020-га.