Сейсмолаг Аронаў: “У нас уся зямля ўсыпаная гэтымі разломамі”

"Гэта няправільны падыход — вось у вас ёсць разлом, а ў нас няма… У літоўцаў ёсць разлом пад пляцоўкай, але ён не выходзіць на паверхню і не генеруе землятрусы вышэй за 8 балаў — таксама нічога страшнага няма. Ім таксама можна будаваць, проста трэба дакладна разумець, што ў іх ступень сейсмічнай небяспекі трошку вышэй", — кажа дырэктар Цэнтра геафізічнага маніторынгу Аркадзь Аронаў.


Спадар Аронаў — адзін з аўтараў, на чые даследаванні сёння спасылаецца Літва, калі кажа пра трэшчыны на месцы будаўніцтва беларускай АЭС. Вучоны-сейсмолаг кажа, што разломы на тэрыторыі Беларусі — паўсюль. Але месца, якое выбралі для будаўніцтва АЭС, — самае бяспечнае.


Аркадзь Аронаў: "Увогуле ў нас уся зямля ўсыпаная гэтымі разломамі. Што ў нас, што ў раёне Ігналіны, на ўсёй заходняй частцы ўсходне-еўрапейскай платформы ў той ці іншай ступені ёсць гэтыя разломы".



Там не менш, як адзначае навуковец, паводле ўсіх нарматываў наяўнасць такога разлому да забараняльнага фактару не адносіцца.


Аронаў: "Да забараняльнага фактару адносіцца наяўнасць актыўнага разлома, які выходзіць на паверхню, непасрэдна на самой пляцоўцы. Ашмянскі разлом рэальнай, канкрэтнай небяспекі не прыносіць. Гэта адно з самых спакойных месцаў у свеце з пункту гледжання сейсмічных уздзеянняў".

 
Тым часам геалагічныя даследаванні Астравецкай пляцоўкі нават яшчэ не завершаныя.


“Ідзе ўдакладненне характарыстык пад канкрэтныя блокі. Таму неабходны набор інжынерна-разведвальных работ праводзіцца. Цяпер будзе наступны этап праектавання — распрацоўка архітэктурнага праекту. Дык вось пад катлаван праводзяцца дадатковыя геолага-разведвальныя пошукавыя працы, непасрэдна ўжо на зямельным участку, які вызначаны пад будучую пляцоўку АЭС”, — гаворыць галоўны інжынер дырэкцыі будаўніцтва АЭС Анатоль Бондар.


Як даведалася Еўрарадыё, каля Астравецкай пляцоўкі імітавалі выбух, каб паглядзець, як будзе на яго рэагаваць разлом.


"У нас не можа быць катастрафічных землятрусаў з-за нашых сейсма-тэктанічных, і геадынамічных умоваў. Напрыклад, землятрус у Японіі ў 32 мільёны разоў большы за самы моцны землятрус, які можа ў нас адбыцца", — гаворыць Аронаў.


Застаецца дадаць, што вопыты з выбухам на месцы будучай АЭС прайшлі нармальна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі