“Шахцёр” і БАТЭ пазмагаюцца за Суперкубак
Матч пройдзе сёння на стадыёне “Хваля” ў Пінску.
14 сакавіка ў Беларусі афіцыйна адкрываецца новы футбольны сезон — у стартавым матчы сустрэнуцца салігорскі “Шахцёр” і барысаўскі БАТЭ. Яны пазмагаюцца за Суперкубак краіны. Летась БАТЭ быў чэмпіёнам Беларусі, а “Шахцёр” заняў трэцяе месца.
Адметна, што раней матчы за ганаровы трафей праводзіліся ў мінскім футбольным манежы, але сёлета Суперкубак вельмі радыкальна змяніў пляцоўку — сустрэча адбудзецца пад адкрытым небам на штучным полі пінскага стадыёна “Хваля”. Умяшчальнасць стадыёна — 3 тысячы чалавек. Усе квіткі на суперкубкавы матч былі праданыя за тры дні.
Пачнецца гульня ў 15.00, наўпроставую трансляцыю можна будзе ўбачыць на тэлеканале “Беларусь 5”.