Шапікі "Табакерка" ў Мінску ставіць мэтазгодна, а іншыя — не
Шапікі-"Табакеркі" ў Мінску ўсталёўваюцца для барацьбы з кантрафактнай тытунёвай прадукцыяй. А іншыя шапікі ставіць немэтазгодна. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе камітэта архітэктуры Мінгарвыканкама, які атрымаў кіраўнік грамадскага аб'яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва" Анатоль Шумчанка.
Пасля ўстаноўкі "Табакерак" "Перспектыва" звярнулася да гарадскіх уладаў з просьбай даць дазвол на ўсталяванне такіх самых шапікаў дробным прадпрымальнікам.
У адказе камітэта архітэктуры, які падпісала намесніца старшыні Вольга Радчанка, гаворыцца, што задача "Табакерак" не толькі гандаль. Яны, маўляў, "змагаюцца з кантрафактнай прадукцыяй на ўнутраным рынку, забяспечваюць гарантаваны збыт тытунёвых вырабаў дзяржаўнай тытунёвай фабрыкі і афіцыйных імпарцёраў".
У лісце гаворыцца, што індывідуальным прадпрымальнікам, якія мелі кіёскі, давалі магчымасць пабудаваць міні-крамы. Таксама яны могуць весці гандаль у арандаваных памяшканнях і на тэрыторыях рынкаў.
"Улічваючы выкладзенае, у сучасных умовах развіццё гандлёвай інфраструктуры г.Мінска шляхам устаноўкі кіёскаў немэтазгоднае", — гаворыцца ў лісце.
Нагадаем, што ўсталяваннем шапікаў-"Табакерак" заямаецца кампанія "Энерга-Оіл", якая належыць буйному бізнесоўцу Аляксею Алексіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.