Шэсць апазіцыйных партыяў выберуць адзінага кандыдата
Шэсць палітычных партыяў дамовіліся вылучыць адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары 2020 года. У панядзелак кіраўнікі гэтых партыяў дадуць прэс-канферэнцыю ў цэнтры Мінска ў гатэлі Crowne Plaza.
У ёй прымуць удзел Юрась Губарэвіч (рух "За Свабоду"), Віталь Рымашэўскі (БХД), Ігар Барысаў (БСДП), Рыгор Кастусёў (Партыя БНФ), Мікалай Казлоў (АГП), піша "Наша Ніва". Таксама ў вылучэнні адзінага кандыдата будзе ўдзельнічаць партыя "Зялёныя" (кіраўнік Дзмітрый Кучук).
На прэс-канферэнцыі лідары партыяў агучаць механізм выбараў адзінага кандыдата. Калі нехта заўчасна агалосіць гэты механізм у СМІ, будзе вымушаны заплаціць штраф — 500 еўра, дамовіліся палітыкі.
Яны абяцаюць правесці выбары адзінага публічна і адкрыта, а не кулуарна.
З названых партыяў пра жаданне ўдзельнічаць у выбарах ужо заявілі кіраўнік руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч, сустаршыні БХД Павел Севярынец і Вольга Кавалькова, кіраўнік АГП Мікалай Казлоў, намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
Сацыял-дэмакраты свайго прадстаўнік пакуль не вылучалі. "Зялёныя" на з’ездзе вырашылі, што не будуць выстаўляць свайго кандыдата.
Беларускі нацыянальны кангрэс, якім кіруе Мікола Статкевіч, не будзе прымаць удзел у вызначэнні адзінага. Лідар партыі "Справядлівы свет" Сяргей Калякін заявіў, што яго не запрашалі ўдзельнічаць у гэтай працэдуры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.