Свастыка ні пры чым. Школа патлумачыла, чаму нізка ацаніла відэа пра арнаменты
Мультфільм дзевяцігадовага Мішы "Культурная спадчына Беларусі" ў фэйсбуку паглядзела 14 тысяч чалавек. Але ў школьным конкурсе, для якога рабіўся ролік, мультфільм пра арнамент не прайшоў у наступны этап: шэсць настаўнікаў абралі чатыры працы іншых дзяцей.
Карыстальнікі інтэрнэту выказалі меркаванне, што настаўніц збянтэжыла свастыка, якая сустракаецца ў роліку як старажытны сімвал сонца. Мы адмыслова запыталіся ў дырэктаркі школы Ірыны Цубікавай, ці сапраўды прычына ў гэтым. Аднак Ірына Віктараўна аспрэчвае здагадкі і кажа, што проста былі працы, яшчэ лепшыя за Мішаву:
"Я паглядзела відэа і нічога не ўбачыла, што б магло выклікаць нейкія негатыўныя эмоцыі. Цудоўная праца, праведзеная па арнаменце. Былі крытэры: хлопчык мусіў пераканаўча абараніць сваю працу, напісаць тэкст, павінныя быць элементы даследавання. Гэта звычайны школьны конкурс, якія праводзяцца для таго, каб стымуляваць творчую ініцыятыву і набываць навыкі. Усяго ў ім удзельнічала 20 дзяцей. Гэта шмат, і дзеці адно за аднаго лепшыя. І тыя чатыры працы, які прайшлі ў наступны этап, не горшыя за Мішаву — лепшыя. Паверце, ніхто нікога ніяк не прыгнятае".
Міша вучыцца ў звычайнай мінскай школе і марыць стаць архітэктарам. Яго мама, Марына Карпава, — мультыплікатар. Па яе словах, Міша сам абраў тэму конкурсу, сам прыдумаў і запісаў тэкст.
"Здорава, што ёсць такія конкурсы, — кажа ў размове з Еўрарадыё Марына Карпава. — Я ўдзячная за магчымасць зрабіць нешта неардынарнае разам з дзіцем".
Дарэчы, у каментарах да відэа Марына заўважае, што Міша быў не гатовы абараняць свой праект перад вялікай залай і ціха распавядаў, як рабіў сваю працу. Іншыя дзеці выглядалі больш упэўненымі ў сабе.