Штаны АМАПаўца — гэта сакрэтная інфармацыя: метамарфозы суда над журналістамі
Так праходзіць суд над журналістам TUT.by Аляксеем Суднікавым
4 жніўня ў Мінску судзяць шасцярых журналістаў незалежных СМІ. Надзею Калініну, Аляксея Суднікава, Марыю Эляшэвіч, Сяргея Шчаголева, Мікіту Дубалеку і Андрэя Шаўлюгу абвінавачваюць ва ўдзеле і каардынацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Сведкі — сілавікі. Суд адбываецца праз скайп, сведкі выступаюць у балаклавах і змяняюць свае імёны. Падчас суда над фатографам БелаПАН Андрэем Шаўлюгам суддзя не задавальняе хадайніцтва адваката, які настойвае, каб сведка быў ідэнтыфікаваны.
Але ёсць і іншыя смешныя моманты ў судзе над журналістамі. Напрыклад, для таго каб апазнаць сведку-амапаўца на відэазапісах, адвакат на судзе над Марыяй Эляшэвіч удакладняе, якія на сведку, які назваўся Аляксандрам Млечкам, былі штаны ў той дзень. Дыялог прыводзіць Onliner.by:
— Я не магу сказаць, гэта сакрэтная інфармацыя, мне яшчэ працаваць, — адказвае Млечка.
— Высокі суд! Гэта здзек з правасуддзя, — абураецца адвакат.
— Вы можаце адказаць на пытанне? — удакладняе суддзя.
— Не, я не буду, я супрацоўнік спецпадраздзялення, мне яшчэ працаваць, — кажа Млечка.
Адвакат удакладняе ў Млечкі, што ён рабіў у натоўпе. Аказваецца, ён рухаўся ў натоўпе.
— Вы самі не прыцягнутыя па артыкуле 23.34 КаАП? — удакладняе адвакат. Высвятляецца, што не.
— Пакуль яшчэ не, — іранічна заўважае адвакат.
У 16:50 заканчваецца тэрмін 72-гадзіннага затрымання журналістаў. Утрымліваць іх пасля гэтага часу без абвінаваўчай пастановы аб арышце незаконна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.