Што добра, а што дрэнна ў "рэвалюцыйных" дакументах аб лібералізацыі эканомікі

Пакет дакументаў аб лібералізацыі эканомікі сапраўды ляжыць на стале ў Лукашэнкі. Вось жа ён! Скрыншот з відэа БелТА.
Пакет дакументаў аб лібералізацыі эканомікі сапраўды ляжыць на стале ў Лукашэнкі. Вось жа ён! Скрыншот з відэа БелТА.

Паўгода таму мы сустракаліся з сустаршынёй Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктарам Маргелавым у студыі Еўрарадыё, каб абмеркаваць дэкрэт аб лібералізацыі ўмоваў для вядзення бізнесу. Тады прадпрымальнікі чакалі падпісання дакумента з дня на дзень.

Але на тое, каб ужо не проста дэкрэт, а пакет дакументаў па лібералізацыі эканомікі трапіў на стол Аляксандра Лукашэнкі, спатрэбілася паўгода. Першы віцэ-прэм'ер Васіль Мацюшэўскі назваў меры, што прымаюцца ўрадам, рэвалюцыйнымі. Пачатку лібералізацыі зноў чакаюць з дня на дзень. А Віктар Маргелаў зноў адказвае на пытанні Еўрарадыё:

Што за паўгода адбылося з дэкрэтам?

Першапачаткова планавалася, што дакумент будзе адзін — дэкрэт. Але ўсё, што хацелася напісаць, туды не змясцілася. Спачатку адны нормы вылучылі ў асобны дакумент, потым іншыя. У выніку на стол Аляксандру Лукашэнку легла 10 дакументаў, як вы сказалі, аб лібералізацыі эканомікі.

А вы бы як іх назвалі? Слова "лібералізацыя" падыходзіць?

Я б сказаў, што гэта ўсё — аб зняцці бар'ераў. Там прапісаны новыя прынцыпы ўзаемадзеяння бізнесу і ўлады, максімальна спрошчаныя санітарныя і супрацьпажарныя правілы. Сур'ёзнае спрашчэнне ідзе па ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці. Але зразумела, што гэта не ўсё, што трэба прадпрымальнікам. Многае, пра што мы гаварылі, засталося нерэалізаваным. Сёе-тое чыноўнікі палічылі немэтазгодным, а сёе-тое, каб не затрымліваць дэкрэт, было адкладзена на будучыню. Каб прапрацаваць некаторыя пытанні, трэба не адзін і не два дні.

Я б параўнаў пакет дакументаў, аб якім ідзе гаворка, з рамонтам падмурка будынка беларускага прадпрымальніцтва. А далей трэба будзе займацца сценамі.

Что хорошо, а что плохо в “революционных” документах о либерализации экономики
Віктар Маргелаў. Фота: агенцтва "Мінск-Навіны".

"Дэкрэт аб ПВТ 2.0" уключаны ў пакет дакументаў аб лібералізацыі бізнесу. Але з дзелавой супольнасцю "лічбавізацыі" эканомікі не абмяркоўвалі.

Дэкрэт аб Парку высокіх тэхналогій да нас на ўзгадненне не паступаў. Яго абмяркоўвалі ў вузкіх, IT-колах. Цяпер у нас вельмі скажонае ўяўленне пра "лічбавізацыю". У маім разуменні гэта вялікая пагроза, таму што яна разумеецца не як інструмент для палягчэння жыцця прадпрымальнікаў, а як інструмент для павелічэння кантролю над суб'ектамі эканомікі, які прыводзіць да большых страт, чым было да таго. Пачуўшы словы "электронная рахунак-фактура" палова кіраўнікоў можа ўпасці ў істэрыку, гэта праўда жыцця.

Лібералізацыя ўмоў для вядзення бізнесу відавочна мае на мэце вывесці прадпрымальнікаў з "шэрай зоны". А атрымаецца?

Пэўныя новыя стымулы там ёсць. Думаю, частка прадпрымальнікаў стане працаваць па-беламу. Асноўная праблема, з-за якой бізнес сыходзіць у "шэрую зону", заключаецца ў тым, ці здольны ён вытрымаць падатковую і адміністрацыйную нагрузку. Бо спажывецкі попыт, на які завязаныя прадпрымальнікі, у апошні час падае. У гэтых умовах трэба прымаць сур'ёзныя стратэгічныя меры.

А спадзявацца, напрыклад, што пасля змены санітарных правілаў многія пачнуць працаваць па-беламу, не варта. Гэта вялікая тэма — як трансфармаваць наша прадпрымальніцтва, каб яно выжыла з улікам знешніх выклікаў, якія нарастаюць. Пакуль што рэакцыя, якую мы бачым, не надта адэкватная.

Пра якія выклікі ідзе гаворка?

Я кажу, напрыклад, пра рабатызацыю. Ёсць вялікая рызыка, што ЗША закрые свой рынак для кітайскіх кампаній. Тады на нас абрынецца струмень танных тавараў, што можа прывесці да спынення нашых заводаў і, як вынік, да зніжэння ўзроўню жыцця. Мы павінны быць гатовыя і выбудоўваць новую эканоміку з улікам гэтых і многіх іншых рэалій, якіх наўрад ці ўдасца пазбегнуць.

Что хорошо, а что плохо в “революционных” документах о либерализации экономики
Гэтая тэчка перанясе беларускую эканоміку ў XXI стагоддзе. Ці не перанясе. Скрыншот з відэа БелТА.

Калі, умоўна кажучы, "заўтра" ўлады не ўбачаць эфекту ад прыняцця "рэвалюцыйнага пакета дакументаў" — ці будуць яны чакаць "паслязаўтра", або на змену лібералізацыі вернецца татальны кантроль?

Ведаеце, давайце казаць прама: не ад добрага жыцця дзяржава пайшла на гэтую лібералізацыю! Па-першае, яна стаіць перад неабходнасцю развіваць самазанятасць. Бо прапанаваць многім людзям няма чаго, а заўтра прапаноў будзе яшчэ менш. А па-другое, даходнасць бюджэту падае. Многія нормы адмяняюцца ў сувязі з тым, што ў дзяржавы больш няма магчымасці кантраляваць працэсы на ранейшым узроўні. Пытанне кіравальнасці працэсаў ніхто не здымаў, але зараз усё павінна быць арганізавана, з аднаго боку, максімальна танна, а з другога — максімальна эфектыўна.

Адзін з такіх танных і эфектыўных інструментаў — самарэгуляванне бізнесу. Гэта паняцце ёсць у новых дакументах. Але ці гатовы да яго бізнес?

Ідэя самарэгулявання на самой справе запісана ў дэкрэце. Гэта абсалютна правільная ідэя — калі мы не будзем ствараць такія структуры, то залішні парадак будзе ператварацца ў залішні хаос. З-за шэрагу прычын дзяржава сёння сыходзіць ад рэгулявання і падтрымання парадку — і лагічна, каб парадак, які патрэбны для дасягнення найлепшага агульнага выніку, падтрымлівалі самі ўдзельнікі рынку.

Что хорошо, а что плохо в “революционных” документах о либерализации экономики

Аднак, на мой жаль, развіцця ідэя самарэгулявання не атрымала. Правільна было б стварыць базавы дакумент — закон або ўказ — аб самарэгуляванні бізнесу. Прапісаць канцэпцыю і пэўныя льготы для тых, хто гатовы ўдзельнічаць у самарэгуляванні, каб аддзяліць іх ад тых, хто, груба кажучы, за рубель маму зарэжа, таму нічога рабіць не будуць. У нас было шмат прапаноў. Напрыклад, каб некаторыя скаргі разглядаліся бізнес-супольнасцю і не станавіліся падставай для праверак. Але працоўная група нас не падтрымала.

Хутка ў Беларусі з'явяцца падатковыя кансультанты. Чаму яны — зло?

На дадзеным этапе я падатковых кансультантаў ацэньваю негатыўна. Бізнес не павінны рэгуляваць закрытыя канторы, якія нікому не падпарадкоўваюцца, і на якія немагчыма знайсці ўправу.

А тут атрымліваецца, што пры адсутнасці закона аб самарэгулявальных арганізацыях асобным указам ствараецца самарэгулявальная арганізацыя. Тут жа знаходзіцца тры сотні яе ўдзельнікаў. Аўдытарскія кампаніі, якія існуюць у нашай краіне, цудоўным чынам прызнаюцца непатрэбнымі і састарэлымі. Раней яны атэстуюцца ў Міністэрстве фінансаў, а цяпер трэба ісці ў Міністэрства па падатках і зборах.

І яшчэ выдатная рэч: падатковыя кансультанты ў кошт сваіх паслуг будуць уключаць рызыкі за тое, што яны няправільна пракансультавалі! Гэта не самы танны варыянт — загадзя закладваць у выдаткі патэнцыйны штраф. Па першым часе гэта будзе дзейнічаць добраахвотна. Але мы былі на грамадска-кансультатыўным савеце ў Міністэрстве эканомікі — там прагучала, што праз 3-5 гадоў гэта стане абавязковым. Маўляў, гэта станоўчы еўрапейскі вопыт. Бо праект прасоўваецца еўрапейскімі структурамі, там грант — 500 тысяч еўра. Прадпрымальнікі не ў захапленні ад такога "станоўчага еўрапейскага вопыту" і перспектыў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі