Што расце на градках у Лябедзькі, Гайдукевіча і Цярэшчанкі

Што расце на градках у Драздах у Аляксандра Лукашэнкі, дзякуючы прэс-службе кіраўніка краіны вядома ўсім. Ажно да таго, колькі мяхоў бульбы сабралі і ў якой шапачцы ды абутку гаспадар градак тую бульбу выбіраў.

Еўрарадыё цікавіцца, ці ёсць участак з градкамі ў іншых прэтэндэнтаў у прэзідэнты і ці быў у іх сёлета час даглядаць свае пасадкі.

Свайго дачнага ўчастка ў лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі няма. Але ёсць градкі ў яго маці.

Анатоль Лябедзька: “Агарод маёй маці — гэта і ёсць мой агарод. Змог яшчэ пасадзіць там памідоры на градцы, а ўвесь астатні час забрала выбарчая кампанія”.

Таму разлічваць зімой на “закаткі” ўласнай вытворчасці Лябедзьку не даводзіцца. Кажа, уся надзея “на гуманітарную дапамогу ад маці і сваякоў, якія нейкую банку-шклянку перададуць”.

Не можа пахваліцца дасягненнямі ў вырошчванні і нарыхтоўцы сельгаспрадукцыі і лідар партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін.

Сяргей Калякін: “У мяне нічога такога няма, але ёсць у маці, і я зрэдку ёй дапамагаю там нешта рабіць. Асабіста я пасадзіў там вінаград, якія сам і вырошчваю. Ну, нібыта вырошчваю. Бо догляд шмат часу не патрабуе. Але я так вось даглядаю час ад часу яго. Праўда, цягне мяне туды не вінаград, які трэба даглядаць, а магчымасць схадзіць у лазню!”

Не, градкі на матчыным участку ёсць і на іх нешта расце, але што — Сяргей Калякін не асабліва звяртаў увагу. Займаюцца градкамі яго маці і жонка, так што ёсць спадзяванне, што зімой вынікі іх працы на стале будуць.

Няма ніякіх градак і ў Таццяны Караткевіч. Прычым нават такіх, дзе б яна, як Лябедзька з Калякіным, нешта рабіла наскокам. Тым не менш і без гэтага яна мае свежую гародніну і садавіну.

Таццяна Караткевіч: “Свякроў жыве ў прыватным сектары ў Магілёве — садзіць сабе сама ўсё неабходнае: і кавуны, і дыні, і памідоры, і агуркі. Я ўчора была ў Магілёве і запаслася гароднінай ды вітамінамі! Не, я дапамагаю час ад часу, калі прыязджаю, але каб была там мая асабістая градачка… Гэта ж трэба за ёй сачыць!”

А яшчэ ў вылучэнкі ад “Народнага рэферэндуму” ёсць дзядзька з дачай, дзе вуллі стаяць. Там яна таксама “дапамагае” — у пчол мёд адабраць. Каб потым з часткай адабранага горда вярнуцца ў Мінск.

Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч жыве ў катэджы непадалёк ад Мінска. Зразумела, градкі там ёсць. Ёсць цяпліца з агуркамі і памідорамі, градкі цыбулі, клубніцы, пасаджаныя гарох, дурніцы, шмат розных яблынь, груш ды іншых пладовых дрэў і кустоў. Але асабліва хваліцца Гайдукевіч агуркамі.

“Агуркамі хачу асабліва пахваліцца. Жонка пасадзіла іх тры гатункі: адны такія рабрыстыя, невялікія, смачныя вельмі і салодкія; другія крыху большыя, амаль без іголак, даўгаватыя такія — я гэтыя не люблю… Агуркі вельмі люблю: вечарам прыйду, збяру і, каб не есці на ноч цяжкую ежу, сяджу і фрукты гэтыя ем”. 

Кажа, нават нешта дапамагае жонцы на градках: то агуркі падвязаць, то яшчэ што з “мужчынскай агароднай працы”. І прызнаецца: бульбы не садзяць зусім. Нават “хуткаспелкі” крыху, каб ужо ў пачатку лета можна было маладой бульбай ласавацца.

“Толькі пакупная, — і тлумачыць, хто, на яго думку, сам вырошчвае бульбу. — Я і па суседзях не бачу, каб нехта вырошчваў. Хоць я ў вёсцы жыву. А вось тыя хлопцы, якія нейкую жывёлу трымаюць — карову, свіней, то яны, канечне, вырошчваюць. Для іх гэта абавязкова. Там і бурачкі ў іх растуць, і гэты самы… А для мяне неабходнасці няма”.

Вясковы дом з вялікім участкам на беразе браслаўскага возера дастаўся Віктару Цярэшчанку ад цешчы. Мясцовыя прыгажосці эканаміст апісвае як сапраўдны паэт: пра рэчку, па якой мігруе вугор і дзе людзі п’юць ваду з рэчкі, а жывёлу пояць вадой калодзежнай.  Асобны верш — пра тое, што расце на тым участку.

“Расце больш за 40 гатункаў кустоў, яблынь, груш, вішня, чарэшня, абрыкосы і гэтак далей. Далей: памідоры, агуркі, радыска, цыбуля — усё, што сельскі жыхар садзіць, і мы гэта вырошчваем самі. Безумоўна, бульба. Газоны і вельмі шмат квету — каля 70 розных”.

Хто ж гэта ўсё даглядае? Звычайна, кажа Цярэшчанка, ад траўня да верасня, ён з жонкай і дачкой пастаянна жыве на Браслаўшчыне. Сёлета сам прэтэндэнт у прэзідэнты праз выбары вымушана ўхіліўся ад сялянскай працы. Праўда, сам Віктар Цярэшчанка “курыруе” Віцебскую вобласць і таму перыядычна можа наведвацца на ўчастак: “Траву пакасіць, нешта паліць...” Што да ўраджайнасці, то, кажа, сёлета шмат агуркоў, кабачкоў, добрая цыбуля, веткі ломяцца ад яблык і груш. А вось пра бульбу нічога пакуль сказаць не можа: “Сельскія жыхары пакуль бульбу не выбіраюць — яшчэ даядаюць леташнюю”.  

Фота: Змітра Лукашука,  people.onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі