Што трэба зрабіць, каб шэнгенская віза каштавала беларусам €35 ужо з 1 ліпеня
У МЗС Беларусі распавялі, у якім выпадку пагадненні Беларусі і ЕС аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі пачнуць дзейнічаць з 1 ліпеня 2020-га. Як паведамляла Еўрарадыё, 27 траўня Савет ЕС іх зацвердзіў. Раней гэта зрабіў беларускі бок і Еўрапарламент. Цяпер Мінск і Брусель павінны абмяняцца ратыфікацыйнымі граматамі.
Было вядома, што пагадненні пачнуць дзейнічаць адначасова ў першы дзень другога месяца пасля заканчэння працэдуры ратыфікацыі дакументаў. Раней меркавалася, што гэта будзе чэрвень, пасля ўзніклі надзеі на ліпень. Упраўленне інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Беларусі заявіла, што пагадненні могуць пачаць дзейнічаць з 1 ліпеня толькі ў выпадку, калі Еўрасаюз паспее да канца траўня афіцыйна паведаміць беларускі бок пра завяршэнне працэдур па ратыфікацыі. Ці паспее Брусель? Калі не, то візы па 35 еўра для беларусаў будуць толькі з 1 жніўня. А пакуль яны каштуюць 80 еўра.
Таксама для грамадзян нашай краіны будуць спрошчаныя многія візавыя працэдуры. Напрыклад, рашэнне аб выдачы шэнгенскай візы прымуць за 10 дзён (калі толькі не спатрэбіцца дадатковая праверка).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.