"Што тут такога?": як арганізатар "Рок-каранацыі" трапіў за прылавак з садавіной
Мікрараён Паўднёвы Захад, Мінск. Павел Кашырын каля прылаўка з садавіной / фота апублікавана з дазволу аўтара
У Фэйсбуку з'явілася фота мінскага прамоўтара Паўла Кашырына, на якім ён стаіць за прылаўкам з агароднінай і садавіной у Мінску. "Схуднеў прамоўтар", "Не веру", "Можа, проста купляе?" — пішуць у каментарыях пад фота знаёмыя Паўла.
"Выносіў з машыны скрынкі з садавіной", — падмацоўвае цікаўнасць фрэндаў аўтар фота. Хтосьці тут жа просіць адрас і абяцае атаварвацца толькі ў Паўла. Ну і наогул, "не спіўся ж чалавек, пры справе — і на тым дзякуй!" Хтосьці нагадвае, што ў жыцці бывае ўсякае, маўляў, трэба адшукаць прамоўтара і дапамагчы яму знайсці іншую працу.
Еўрарадыё разбіраецца, як Павел Кашырын трапіў за прылавак і чым ён зараз займаецца.
"Я не гандлюю садавіной і кавунамі, што за лухта?"
Павел Кашырын у 2000-х гадах быў арт-дырэктарам мінскага клуба "Графіці", суарганізатарам музычных мерапрыемстваў "Рок-Каранацыя" і "Рок па вакацыях". Ён арганізаваў мноства канцэртаў беларускіх і замежных выканаўцаў. Няўжо з музыкай скончана?
Дазвоньваемся да Паўла. Фота ён не бачыў, таму шчыра здзіўляецца пачутаму.
"Чым я гандлюю? — дзівіцца прамоўтар. — Я не гандлюю садавіной і кавунамі, што за лухта? І наогул, яму [аўтару фота] якая справа, дзе я і што раблю? Калі б ён падышоў і спытаў, я б расказаў, што ў маіх сяброў свой бізнес — пяць гандлёвых пунктаў па горадзе. Пазаўчора яны папрасілі мяне дапамагчы развезці і разгрузіць садавіну, таму што іх работнік ці забухаў, ці некуды з'ехаў. Каб не было ніякіх дадумванняў далей, адразу скажу, што дапамагаў так не ўпершыню. А што тут такога? Дарэчы, нават калі б я гандляваў садавіной, мне абсалютна ўсё роўна, хто і што падумае".
Чым жа цяпер займаецца Павел Кашырын?
Суразмоўца Еўрарадыё неахвотна адказвае на гэтае пытанне. Кажа, што стаміўся ад медыя і імкнецца не даваць інтэрв'ю.
"Цяпер жыву на два горады: Мінск і Маскву, — расказвае ён. — Разам з расійскімі партнёрамі займаюся арганізацыяй. У сакавіку прывозілі Пятра Мамонава. Планавалася правесці творчы вечар за 1 гадзіну 40 хвілін. Па выніку ён доўжыўся больш за дзве гадзіны. Я вельмі ганаруся гэтым мерапрыемствам. Атрымалася шыкоўна. Зараз ідзе падрыхтоўка да асенне-зімовага сезона. У кастрычніку ў Мінску выступіць Юрый Стаянаў".
Павел кажа, што ў планах ёсць і іншыя мерапрыемствы, але гаварыць пра іх пакуль рана. А што датычыцца гандлю агароднінай і садавіной, то "як не дапамагчы далікатнай жанчыне і яе мужу, калі цябе просяць: "Выручай, разрываемся!"?"