Што вядома пра хлопца, які напаў на міліцыянтаў у Верхнядзвінску

Што вядома пра хлопца, які напаў на міліцыянтаў у Верхнядзвінску

Хлопец, які напаў на міліцыянтаў у Верхнядзвінску, добра вучыўся ў школе, але канфліктаваў з аднакласнікамі. Пра гэта журналістам Радыё "Свабода" распавялі яго настаўніца і былыя аднакласнікі. 

Як паведамлялася раней, у навагоднюю ноч у Верхнядзвінску малады чалавек параніў нажом некалькіх міліцыянтаў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, перад гэтым ён кінуў у міліцэйскі пастарунак "кактэйль Молатава". 

Пазней у інтэрнэце з'явіўся відэазварот хлопца, запісаны перад нападам. Ён назваў сваё імя і ўзрост, а таксама паведаміў пра намер напасці на міліцыю. Акрамя таго, хлопец патлумачыў свае ідэалагічныя погляды: "Мой светапогляд грунтуецца на мерытакратыі, наакратыі, трансгуманізме, сацыял-дарвінізме, секулярызме і, у меншай ступені, ніцшэанстве, лібералізме і лібертарыянстве ў маёй уласнай эклектычнай інтэрпрэтацыі".

Яго былая класная кіраўніца Алена Яўгенаўна паведаміла журналістам, што хлопец быў з разведзенай сям'і, але рос дагледжаным. Яго бацька, як піша "Свабода", —  прадпрымальнік, які мае некалькі крамаў у Смаргоні.

Па словах настаўніцы, хлопец канфліктаваў з аднакласнікамі, памяняў некалькі школаў і ў яе класе вучыўся апошнія два гады.

"Гэта быў ваенна-патрыятычны клас. Мы спадзяваліся, што яму будзе цікава. Г. заўжды захапляўся гісторыяй. У яго трэцяе месца на абласной алімпіядзе па гісторыі ў 11-м класе. Мы вельмі ганарыліся ім. Але з іншымі дзецьмі ў яго аніякіх кантактаў не было. Абсалютна. Ён сам па сабе, такі воўк-адзіночка", — характарызуе Алена Яўгенаўна.

Былы аднакласнік называе нападніка закрытым, агрэсіўным чалавекам. "У школе ён часта пагражаў нам. Мы лічылі, што гэта ўсё жарт", — кажа ён.

Іншы аднакласнік кажа пра нападніка як пра інтэлектуальна развітага чалавека. "Ён сам вельмі разумны. Перамагаў на алімпіядах. Але па адзнаках, што было дзіўна, у яго не вельмі добра ўсё было. Ён ведаў, як што рабіць, але не рабіў. Ён тупа сядзеў і не пісаў", — распавядае ён. Па яго словах, хлопец гуляў у камп'ютарную гульню Counter-Strike, хадзіў у музычную школу і граў на гітары.

Паведамляецца, што вучыўся Г. добра. Пасля школы нібыта паступіў у Полацкі ўніверсітэт (гэта пацвердзіць не ўдалося. — РС). 

Афіцыйнай інфармацыі пра асобу нападніка і падрабязнасцяў пра здарэнне няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі