Шумчанка: Прадпрымальнікі проста закрыюцца перад Новым годам
Прадпрымальнікі шакаваныя ўчорашняй заявай віцэ-прэм'ера Пятра Пракаповіча.
Як паведамляла Еўрарадыё, 31 кастрычніка чыноўнік заявіў, што прадпрымальнікаў пазбавяць ільготы: з 1 снежня яны павінны будуць прадастаўляць сертыфікат якасці на тавары. Раней планавалася, што гэтая мера будзе ўведзеная з 1 ліпеня 2014 года. Такім чынам, пераходны перыяд раптоўна скараціўся на сем месяцаў.
Пракаповіч: З 1 снежня індывідуальных прадпрымальнікаў пазбавяць ільготы
У гутарцы з Еўрарадыё старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва" Анатоль Шумчанка не хаваў эмоцыяў:
Шумчанка: "Сёння ў прадпрымальніцкім асяроддзі пануе шок. Людзі проста разумеюць, што іх падманулі і "кінулі". Больш за тое — на наш погляд, гэта патыхае нейкай правакацыяй, ці што... Калі прымаюць рашэнне, якое немагчыма выканаць за такі кароткі перыяд, гэта робіцца рэзка, перад Новым годам, і яны ведаюць, што прадпрымальнікі не змогуць працаваць і плаціць падаткі з першага чысла... Пытанне: каму гэта патрэбна, і для чаго гэта робіцца?"
Шумчанка адзначае, што беларускія ўлады ўпершыню за ўсю гісторыю парушаюць падобныя дамовы з прадпрымальнікамі. Не выключана, што перад Новым годам прадпрымальнікі проста закрыюць свой бізнэс.
Нагадаем, што 27 чэрвеня беларускія дробныя прадпрымальнікі зладзілі страйк, пратэстуючы супраць увядзення тэхрэгламента Мытнага саюза. Тады і была ўведзеная гадавая адтэрміноўка.
Па словах Шумчанкі, пасля гэтага прадпрымальнікі правялі кансультацыі з Мінэканомікі і выпрацавалі меры пераходнага перыяду. Аднак, кажа лідар прадпрымальнікаў, Міністэрства гандлю правяло нейкія свае кулуарныя кансультацыі. І ўрад, на думку Шумчанкі, прыняў менавіта гэты "сілавы варыянт" развязання сітуацыі.
Прадпрымальнікі: Мы прыкладзем усе свае намаганні для прыпынення вар'яцтва
Ва ўрадзе прыдумалі, як зрабіць, каб беларус "лішні раз" не ехаў за мяжу
Фота — belsat.eu