Швецыя і Фінляндыя ўвойдуць у NATO ў 2023 годзе — Столтэнберг
Пашырэнне NATO чакаецца ў наступным годзе / pixabay.com
Швецыя і Фінляндыя ўвойдуць у NATO да канца 2023 года. Пра гэта ў панядзелак заявіў генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу Енс Столтэнберг. Паводле яго слоў, "працэс ратыфікацыі будзе завершаны своечасова". Столтэнберг у гэтым "абсалютна ўпэўнены". Пры гэтым больш дакладных тэрмінаў ён не назваў.
Генеральны сакратар NATO даў зразумець, што, па яго ацэнцы, Турцыя не будзе доўга блакаваць прыём Швецыі і Фінляндыі і ратыфікуе пратаколы аб уступленні.
Уступіць у NATO Швецыя і Фінляндыя вырашылі пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны. Зрабіць гэта па паскоранай працэдуры не атрымалася з-за пазіцыі Турцыі, якая заявіла пра шэраг умоў. Сярод іх было патрабаванне выдачы са Швецыі асоб, якія маюць дачыненне да "тэрарыстычнай дзейнасці". У пачатку снежня стала вядома пра экстрадыцыю ў Турцыю першага курдскага бежанца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.