Швейцарыя пашырыла санкцыі супраць беларускага рэжыму
27 красавіка Швейцарыя ўвяла новыя санкцыі супраць Расіі і Беларусі. Яны звязаныя з вайной, якая працягваецца ва Украіне, паведамляецца на сайце Федэральнага савета краіны.
У Беларусь Швейцарыя забараніла экспарт банкнот. "Забарона на вываз банкнот і продаж каштоўных папер беларускім грамадзянам, рэзідэнтам або арганізацыям распаўсюджваецца на ўсе афіцыйныя валюты дзяржаў — чальцоў ЕС", — адзначаецца ў прэс-рэлізе.
Раней быў забаронены толькі экспарт каштоўных папер і банкнотаў у швейцарскіх франках і еўра.
Супраць Расіі санкцыі больш шырокія. Акрамя забароны на вываз банкнот, Швейарыя ўводзіць абмежаванні на імпарт бурага вугалю, каменнага вугалю і "тавараў, якія з'яўляюцца важнай крыніцай даходаў для Расіі, у прыватнасці, драўніны, цэменту, морапрадуктаў і чорнай ікры".
Швейцарскія ўлады забараняюць усялякую падтрымку расійскіх арганізацый, "якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці або пад грамадскім кантролем".
У ліку фінансавых санкцый называюцца і такія: "У Швейцарыі нельга будзе рэгістраваць трасты для грамадзян Расіі ці фізічных або юрыдычных асоб, якія пражываюць у Расіі. Розныя паслугі для такіх трастаў таксама будуць забароненыя".
Такім чынам Швейцарыя далучылася да большасці санкцый супраць Расіі, які ўвёў ЕС у сваім пятым пакеце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.