Сівакоў: Прапалі людзі, калі я быў міністрам — значыцца я вінаваты
Былы міністр унутраных спраў Юрый Сівакоў распавядае Еўрарадыё, ці ўсё было зроблена для расследавання справы зніклых палітыкаў.
Еўрарадыё: У сваім інтэрв’ю вы заявілі, што не здымаеце з сябе віны за зніклых палітыкаў. Што канкрэтна, якую віну вы мелі на ўвазе?
Юрый Сівакоў: Скажыце, калі я быў у той час міністрам унутраных спраў, то што я цяпер мушу сказаць — што я нічога не чуў, нічога не ведаў? Што я да гэтага ніякага дачынення не маю? Усё, што здарылася ў краіне, ва ўнутраных яе справах падчас маёй працы міністрам — я за ўсё гэта адказваю. Я не магу, не маю маральнага права здымаць з сябе віну. Гэтак сама, як за тое, што адбылося падчас майго кіравання на Нямізе. У якой ступені, як я быў вінаваты — але гэта было ў мой час, я вінаваты. Прапалі людзі, калі я быў міністрам — значыцца я вінаваты. Нешта недаглядзеў, нешта не ўбачыў. А што, я павінен інакш казаць?!
Еўрарадыё: Вашы словы нарадзілі пытанні наконт узроўню вінаватасці: вінаваты, што не расследаваў справу зніклых, ці ў тым, што маеце дачыненне да гэтых знікненняў?
Юрый Сівакоў: Вінаваты ў тым, што пры мне гэта здарылася.
Еўрарадыё: Ці можаце вы сказаць, што зрабілі ўсё магчымае для таго, каб справы зніклых былі да канца расследаваныя?
Юрый Сівакоў: Чаму я ў свой час, магчыма, і напісаў рапарт аб адстаўцы? Калі ў мяне не хапіла ні розуму, ні фантазіі, ні прафесійнай падрыхтоўкі для таго, каб гэтую справу расследаваць — таму я і напісаў рапарт аб адстаўцы. Разумееце, быў яшчэ ў савецкія часы такі выраз: “Мы адказваем за ўсё, што было да нас, пра нас і пасля нас”. Гэта — дэкларатыўны і чыста філасофскі выраз. А з пункту гледжання рэальнай практыкі, ёсць такі прынцып: калі нешта здараецца экстрэмальнае, што мае дачыненне да твайго статуса, то ты павінен за гэта адказваць. Іншых каментарыяў… Я думаю, вы мяне разумееце. А ўжо хто як мае словы тыражуе і як іх разумее — кожнаму сваю галаву не прыставіш.
Еўрарадыё: Як вы пракаментуеце заявы былога начальніка мінскага следчага ізалятара Алега Алкаева, што справы зніклых, палітыкаў, насамрэч, былі расследаваныя і імёны злачынцаў — вядомыя?
Юрый Сівакоў: Ды лухта ўсё гэта! І Алкаеў — вялікі спец у гэтай справе, усё ён ведае, усё ён бачыў. Няхай ён за свае ўчынкі адкажа! Усё гэта не так проста, як мы думаем. А жадаючых зрабіць на гэтым дывідэнды, паказаць цябе вялікім спецом хапае нават апроч Алкаева. Дарэчы, тыя, хто яго ведае па службе, тыя проста маўчаць — грэбліва.
Еўрарадыё: І ўсё ж, выпадак са знікненнем палітыкаў: як вы самі для сябе тлумачыце — чаму такое магло здарыцца ў нашай ціхай краіне?
Юрый Сівакоў: На гэта пытанне адназначна не адкажаш. Гісторыя ўсё паставіць на свае месцы. Як правільна кажуць: усё таемнае рана ці позна становіцца вядомым. Напэўна, яшчэ проста не прыйшоў час. Больш я пра гэта, вы выдатна разумееце, нічога сказаць не магу.
Нагадаем, што ў 1999 годзе без звестак зніклі палітыкі Юрый Захаранка, Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі, у 2002 годзе журналіст Дзмітрый Завадскі. Тады заяўлялася інфармацыя, што дачыненне да гэтага мае вышэйшае кіраўніцтва краіны.
Называлася, сярод іншых, і імя Юрыя Сівакова, якому пазней ЕС забараніў уезд у краіны Еўропы, менавіта за датычнасць да знікнення Захаранкі і Ганчара.
Фота: http://photo.bymedia.net