Крайні радыкалізм Brutto — палітычныя перакананні, альбо толькі бутафорыя?

Nazis fuck!

"Nazis fuck!" — з такім каментам перапошчвае навіну аб заяве The Exploited ў Фэйсбуку вядомы беларускі лявак і антыфашыст Лёлік Ушкін. Кароткі пост выклікае дыскусію. Нехта за Міхалка заступаецца. Маўляў, зусім ужо левыя афанарэлі, як так можна. Ён — наш і украінскі герой. Іншыя згодныя з Ушкіным. У якасці доказаў посцяць фота канцэрта Brutto для спецбатальёна “Азоў”, які мае, мякка кажучы, крайне правую арыентацыю.

Каментаваць для СМІ сваю заяву Лёлік Ушкін не мае жадання — накіроўвае да украінскага журналіста Андрэя Манчука, які нібыта валодае ўсёй інфармацыяй пра сувязі Міхалка з украінскімі неанацыстамі і нават сабраў на беларускі гурт неслабое дасье. Манчука знаходжу за паўгадзіны дзякуючы сувязям сярод украінскіх журналістаў. Знаходжу ў нечаканым месцы — ён працуе на Данбасе ў грамадскім аб’яднанні “Барацьба”, якое падтрымлівае сепаратыстаў. Па іншай версіі — ваюе ў атрадзе Мазгавога. Дазваніцца да Манчука не атрымліваецца — абанент за межамі дзеяння сеткі. Але ў аб’ектыўнасць поглядаў такога чалавека ўжо верыцца з цяжкасцю.

“Я ніяк не буду гэта каментаваць”

“Я ніяк не стаўлюся да такіх выказванняў пра наш гурт. Той, хто нас слухае, той усё разумее. Не буду нічога каментаваць”, — гаворыць у размове з Еўрарадыё адзін з удзельнікаў Brutto, Віталь Гуркоў.

Мэнэджар гурта Антон Азізбекян менш дыпламатычны: "Нам прыемна, што эксплоітэд нас сасц*лі".

Сасцалі, ці не — канешне, пытанне. The Exploited гурт вядомы і паважаны, беспадстаўна ад удзелу ў фестывалі адмаўляцца не будзе. Тым больш, што ў Brutto зусім нядаўна была малазразумелая гісторыя з адменай канцэртаў у Германіі. У дадатак іх кліпмейкера, расяніна Андрэя Давыдоўскага неаднаразова абвінавачвалі ў крайне правых і шавіністычных заявах. Аднак больш грунтоўнага тлумачэння сваёй нелюбові да Міхалка шатландцы пакуль не распаўсюдзілі. У кароткім каментарыі для Еўрарадыё толькі паабяцалі неўзабаве ўсё растлумачыць.

“Яны выглядаюць як крайне правыя — але гэта толькі дэкор”

Культуролаг Максім Жбанкоў кажа, што эстэтыка міхалкоўскага Brutto насамрэч блізкая да крайне правых. Аднак гэта, хутчэй, бутафорыя, мяркуе эксперт: “З нагоды гэтага гурта ў катэгорыях нацызму, фашызму альбо антыфашызму я б не разважаў… Гэта не стылістыка фашызму, даруй божа. Гэта, хутчэй, стылістыка правых радыкалаў. Яна сапраўды звяртаецца да простых хлопцаў, да простых эмоцый, простых інстынктаў. Гэта крок ніжэй за “Ляпісаў”. Гэта для аўдыторыі не ахопленай вышэйшай адукацыяй і вытанчанымі густамі. Гэта для прафаннай аўдыторыі. І тут можна сказаць, што Міхалок працуе на адным полі з ультраправымі рухамі. Але гэта не тое самае”.

На думку Жбанкова, называць Brutto нацыстамі не варта. “Гэта толькі гульня на палітычным полі, дэкор”, — мяркуе эксперт. І нагадвае, што ўсе праекты Сяргея Міхалка заўсёды мелі свой дэкор — ад бутафорнай пацанскасці ранняга “Ляпіса Трубяцкога”, да ура-патрыятычнасці позняга. “Усё, што робіць Міхалок, гэта дэкарацыі. Ён быў дэкаратыўным гопнікам, ён быў дэкаратыўным майданаўцам, ён быў дэкаратыўным змагаром. Цяпер ён дэкаратыўны брутальны хлопец. Вось і ўсё”, — перакананы культуролаг. Шкада, што The Exploited, а разам з імі і нямецкія ўлады, не ў курсе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі