Следчы камітэт пачаў крымінальную справу за вандалізм у Курапатах
Мінскі райаддзел Следчага камітэта пачаў крымінальную справу за наўмыснае пашкоджанне помнікаў у Курапатах. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале Следчага камітэта.
Паведамленне пра вандалізм на месцы пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій паступіла ў міліцыю 23 сакавіка. Як распавядала Еўрарадыё, невядомыя асобы зрабілі надпісы сіняй фарбай на некалькіх помніках, усталяваных у Курапатах. У тым ліку быў пашкоджаны і помнік, што ўшаноўвае памяць габрэяў, загінулых ва ўрочышчы. На памятных знаках была намаляваная зорка Давіда і зробленыя надпісы.
Паведамлялася, што пазней сляды сіняй фарбы выявілі на брукаванцы ля рэстарана “Поедем поедим”, які статць недалёка ад месца масавага пахавання палітычных ахвяраў.
У рамках крымінальнай справы прызначаны шэраг экспертыз. Расследаванне працягваецца. Асобы, які маюць дачыненне да супрацьпраўных дзеянняў, высвятляюцца.
Дарэчы, за пашкоджанне гісторыка-культурнай каштоўнасці пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.