Службы таксі ў Беларусі хочуць прымусіць дзяліцца інфармацыяй з сілавікамі
Таксі / TUT.BY
У Беларусі хочуць узмацніць кантроль за кіроўцамі і пасажырамі таксі. На Нацыянальным прававым партале з'явіўся праект указа "Аб аўтамабільных перавозках пасажыраў". Дакумент вынесены на абмеркаванне.
Адна з нормаў прадугледжвае стварэнне "Рэестра аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах". У гэты рэестр будуць уключаныя звесткі пра аўтамабільных перавозчыкаў, транспартныя сродкі (у тым ліку аўтамабілі-таксі), кіроўцаў і дыспетчараў ( у тым ліку дыспетчараў таксі). Замежныя дыспетчары павінны будуць у абавязковым парадку мець юрыдычную асобу ў Беларусі і выкарыстоўваць інфармацыйныя сістэмы і рэсурсы, размешчаныя ў краіне. Пры гэтым яны павінныя будуць перадаваць звесткі пра замовы толькі тым перавозчыкам, якія ўключаныя ў рэестр.
Акрамя таго, дыспетчараў хочуць абавязаць падаваць кантрольным і сілавым органам кругласутачны доступ да інфармацыі пра замовы. І гэтую інфармацыю трэба будзе захоўваць на працягу пяці гадоў. А кіроўцы таксі павінны будуць "забяспечыць відэафіксацыю выканання аўтамабільных перавозак пасажыраў". Відэа з рэгістратара трэба будзе захоўваць месяц.
Калі перавозчыкі або дыспетчары парушаць правілы, іх могуць выключыць з рэестра. Мяркуецца, што асноўныя палажэнні ўказа ўступяць у сілу з 1 студзеня 2024 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.