СМІ: 60% брытанцаў хочуць захаваць правы грамадзян ЕС
Шэсць з дзесяці брытанцаў хацелі б захаваць неабмежаванае права на пражыванне і працу ў краінах Еўрасаюза пасля “брэксіту”. Пра гэта піша газета Guardian са спасылкай на апытанне, зладжанае Лонданскай школай эканомікі.
Сярод моладзі ва ўзросце 18-24 гадоў колькасць прыхільнікаў свабоды выбару месца жыхарства дасягае 85%, сярод лонданцаў — 80%.
Частка рэспандэнтаў гатовая плаціць за гэты прывілей суму, роўную брытанскаму ўнёску ў бюджэт Еўрасаюза ў разліку на душу насельніцтва.
Толькі 10% апытаных падтрымліваюць ідэю пазбавіць грамадзян ЕС, якія жывуць у Брытаніі, права галасаваць на мясцовых выбарах, а 73% выступаюць за статус-кво. 48% рэспандэнтаў мяркуюць, што еўрапейцы — рэзідэнты Злучанага Каралеўства, маглі б удзельнічаць у парламенцкіх выбарах, паведамляе ВВС.