СМІ: Беларускі спадарожнік можа трансляваць порнаканалы
Беларускі спадарожнік “Белінтэрсат-1” можа займацца трансляцыяй порнаканалаў. Пра гэта піша “Наша Ніва” — яна спасылаецца на рэсурс, які займаецца адсочваннем тэлеканалаў на розных спадарожніках. Афіцыйна праз “Белінтэрсат-1” транслюецца толькі канал “Беларусь 24”, але там могуць праходзіць і розныя экзатычныя праграмы — чэшскія і славацкія каналы, некалькі каналаў краін Афрыкі, а таксама порнаканалы (Brazzers TV Europe, Passion XXX, Sexto Senso, Dusk TV і іншыя).
“Белінтэрсат-1” быў запушчаны 15 студзеня 2016 года з кітайскага касмадрома Січан. Гэты першы беларускі спадарожнік сувязі быў выраблены кітайскімі спецыялістамі з кампаніі China Aerospace Science and Technology па замове беларускага боку з кітайскіх і французскіх камплектуючых.
Сам спадарожнік з’яўляецца часткай дзяржаўнага праекта “Белінтэрсат” і асновай Нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання Беларусі. Акрамя самога спадарожніка, у склад праекта ўваходзіць Наземны комплекс кіравання.