Смяротнае пакаранне і адзіная валюта — галоўнае з інтэрв’ю Лукашэнкі Венедыктаву
Аляксандр Лукашэнка даў вялікае інтэрв'ю галоўрэду радыястанцыі "Эхо Москвы" Аляксею Венедыктаву. Каротка пераказваем галоўнае з гэтай дзвюхгадзіннай размовы.
Пра кацёл з 10 мільёнамі беларусаў
"Мы знаходзімся ў цэнтры катла. Сёння тут перакрыжоўваюцца ўсе інтарэсы: з Захаду на Усход (і не толькі расійскі), з Поўдня на Поўнач. Вось тут склалася так сітуацыя. І будучы ў гэтым катле, трэба сябе паводзіць настолькі дакладна, тонка і акуратна, каб цябе не зварылі ў гэтым катле. Вось у чым мая праблема. І вы мяне папракаеце, што я то на Захад, то на Усход... Слухайце, ні на Усход і ні на Захад. Вось яна зямля, якую Госпад нам падарыў сёння. І я ў ім, у гэтым катле, разам з 10 мільёнамі беларусаў і 3 мільёнамі гасцей, у асноўным расіянамі. Я ў ім варуся, але не павінен зварыцца!"
Пра пагрозу з боку Расіі
"Калі гэта пагроза з боку, як некаторыя кажуць, Расіі. Слухайце, у гэтай сітуацыі што, Расіі яшчэ адзін галаўны боль патрэбны? Не. Расія, вядома, будзе дзейнічаць акуратна, асцярожна. І пагроза, небяспечная пагроза з'явіцца тады, калі ў нас будзе кепска, зусім кепска з эканомікай, калі людзям немагчыма будзе гэта вытрымаць... Адзіная пагроза, пакуль я ля ўлады".
Пра вайну Расіі і NATO
"Калі раптам Расія паспрабуе парушыць наш суверэнітэт, вы ведаеце, як адрэагуе не толькі міжнародная супольнасць. Яны ўжо акажуцца ўцягнутыя ў вайну. Гэтага ўжо Захад і NATO не перанясуць, бо яны палічаць гэта за пагрозу ім. І ў нейкім сэнсе яны будуць мець рацыю".
Пра абвінавачанні ў забойстве палітыкаў у 1999-м
"Навошта гэта трэба? Заўтра прэзідэнцкія выбары".
"Ніхто зверху, акрамя прэзідэнта, не можа даць такую каманду... Ніхто... У Беларусі, калі я не дам каманду, ніхто не будзе здзяйсняць гэтыя злачынствы. Я ніколі ў жыцці не даваў і даваць не буду такой каманды. Навошта мне гэта трэба было? Што змянілася, калі не стала ў Беларусі 2-3 чалавек?!"
Згадваючы экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку і экс-старшыню Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара, зніклых у 1999 годзе, Лукашэнка сказаў: "Якімі яны палітыкамі былі?!" Ён назваў Ганчара сваім "таварышам і сябрам", з якім яны разам хадзілі ў лазню і былі ў парламенце. Што да Захаранкі, дык "Захаранка звязаўся ў бізнесе з Украінай. Пра гэта вы не пішаце. Грошы ўзяў вялізныя... Не вярнуў..."
Бізнесмена Анатоля Красоўскага, які знік разам з Ганчаром, Лукашэнка не ведаў.
Кіраўнік Беларусі заявіў, што ў Германіі нібыта кагосьці з дваіх зніклых бачылі "гадоў 8 таму", "зрабілі фота на вуліцы" і яно з'явілася ў нейкім нямецкім выданні. З Беларусі зрабілі запыт у Германію, але адказу не атрымалі. Нешта падобнае Лукашэнка ўжо заяўляў раней.
Лукашэнка ведае пра фільм DW, у якім былы баец спецназа Юрый Гараўскі распавядае, як 20 гадоў таму нібыта ўдзельнічаў у выкраданні палітычных апанентаў кіраўніка Беларусі. Лукашэнка загадаў Следчаму камітэту неадкладна заняцца яго справай: "Хай прыедзе, дасць паказанні: хто яго заб'е?!"
Лукашэнка кажа, што былы спецназавец можа прыехаць у Беларусь пад аховай прадстаўнікоў замежных спецслужбаў. Але кажа, што адказу пакуль нібыта няма: "Цішыня!" Калі так працягнецца далей, Беларусь можа абвясціць Гараўскага ў міжнародны вышук.
Пра зніклага аператара Дзмітрыя Завадскага
Завадскі "загінуў з-за Чачні і [Паўла] Шарамета".
Відаць, Аляксандр Лукашэнка мае на ўвазе, што Шарамет зрабіў сюжэт на тэму Чачні — пра затрыманага там расіянамі беларускага спецназаўца. А Завадскі працаваў з Шараметам, і яго маглі скрасці, каб адпомсціць ці даведацца нейкую інфармацыю.
Пра бандытаў з 1990-х
Са слоў Лукашэнкі вынікае, што супраць банд у 1990-я выкарыстоўваліся не зусім законныя метады. Ён згадаў, як на трасе мяжа Расіі — Брэст бандыты спынялі іншамаркі і рабавалі кіроўцаў ды пасажыраў. "Не было ў нас “мерседэсаў” прыгожых — у расіян пазычылі. Спецназаўцаў туды саджаў. [Бандыты] іх спыняюць з аўтаматамі, а яны [спецназаўцы. — Еўрарадыё] іх квасяць", — распавёў кіраўнік дзяржавы пра метады выкаранення злычыннасці з 1990-х.
Потым ён падзяліўся статыстыкай: "У мяне было 32 арганізаваныя злачынныя групы ў Мінску, калі я стаў саплівым прэзідэнтам. Яны гатовыя ўласнасць былі дзяліць..."
Пра “паглыбленне інтэграцыі”
23 снежня прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што пакуль не падпісаная дарожная карта пра адзіную валюту, адзіны эмісійны цэнтр і стварэнне наднацыянальных органаў Саюзнай дзяржавы, Беларусь не можа разлічваць на дадатковую фінансавую падтрымку з боку Расіі. Але Лукашэнка запярэчыў Мядзведзеву: 31-ю дарожную карту, якая датычыць гэтых пытанняў, кіраўнікі Беларусі і Расіі быццам бы дамовіліся не абмяркоўваць.
"Мы дзве суверэнныя дзяржавы — Беларусь і Расія. Мы зараз прасоўваем тую інтэграцыю, якая ніколькі не памяншае суверэнітэт ні Расіі, ні Беларусі. Што да цяперашняга моманту па інтэграцыйных пытаннях... Ёсць 31-ы план, дарожная карта — гэта план будаўніцтва наднацыянальных органаў: парламент, прэзідэнт і іншае. Мы наогул на гэтую тэму з Пуціным дамовіліся не размаўляць", — паведаміў Лукашэнка.
Ён заявіў, што такая дамоўленасць была дасягнутая на перамовах у Сочы 7 снежня.
Пра расійскую ваенную базу
На думку Лукашэнкі, гэта не трэба… Расіі: "Калі ласка, 50 самалётаў хочаце заўтра пасадзіць — вось, пад Мінскам, саджайце. Хочаце пад Віцебскам пасадзіць? Калі ласка, саджайце, 20, 30 самалётаў. Не трэба ніякіх баз будаваць — там вялізная прастора, месца шмат".
Пытанне пра новую расійскую ваенную базу ў Беларусі ўздымалася неаднаразова. Аднак беларускае кіраўніцтва выступіла супраць гэтага.
Пра помнік Сталіну
"Сталіну трэба паставіць помнік у Беларусі (я як гісторык кажу) за пакт Молатава-Рыбентропа, таму што была адноўленая ў рэальных межах наша Беларусь", — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён згадаў, што ў 1921 годзе паводле Рыжскай дамовы Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна былі аддзеленыя ад СССР. Магчыма, у Леніна тады не было іншага выйсця, дадаў ён.
Пакт Молатава-Рыбентропа быў падпісаны ў жніўні 1939 года. Сакрэтныя пратаколы да гэтага пакта падзялілі сферы ўплыву СССР і нацысцкай Германіі. Літва і заходняя частка Польшчы адыходзілі да Германіі. А Латвія, Эстонія, Фінляндыя, Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна, Бесарабія адыходзілі да сферы інтарэсаў СССР.
Пра малодшага сына
Па словах Аляксандр Лукашэнкі, малодшы сын — 15-гадовы Мікалай — яму кажа, што прэзідэнт павінен паводзіць сябе так, як Уладзімір Пуцін. "Ён мне не сябар", — дадае Лукашэнка пра свайго малодшага сына.
Таксама Мікалай Лукашэнка, па словах бацькі, хоча гуляць у хакей у пяцёрцы Пуціна.
Акрамя таго, беларускі кіраўнік паведаміў, што яго малодшы сын працуе пры ім перакладчыкам у замежных візітах. А ў Кітаі, маўляў, яго назвалі "Маленькі прынц".
Пра смяротнае пакаранне
“Я лічу, што смяротнае пакаранне як папярэджанне некаторым падонкам дапамагае трымаць вось гэтую стабільнасць і разабрацца з бандытызмам”.
Адказваючы на пытанне пра смяротнае пакаранне, Аляксандр Лукашэнка нечакана узгадаў пра жудаснае забойства. Кіраўнік Беларусі даведаўся пра яго 24 снежня ад старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы, калі той прыходзіў у Палац Незалежнасці з дакладам.
“Два падонкі, інакш не назавеш, не памятаю, у якім раёне. У іх ужо былі і разбоі, і іншае, і каралі іх. Забілі сваю настаўніцу. За што? За тое, што яна абараняла дваіх дзетак іх сястры. Сястра ніякая, асацыяльны элемент. Абараняла і патрабавала выключыць іх з сям'і і перадаць у іншую ці ў дзіцячы дом. Дзіцячых дамоў у нас амаль не засталося, мы ў сем'і размеркавалі дзяцей. Дык вось, яна прыхільніца [забраць дзяцей у маці. — Еўрарадыё] была, яна выконвала гэтую дзяржаўную функцыю. Але іх [хлопцаў, пра якіх ідзе гаворка. — Еўрарадыё] настаўнік. Яны яе рэзалі ўсю ноч. Не проста застрэлілі, забілі. Яны яе забівалі ўсю ноч. Яна прасіла іх, маліла. І яны ўрэшцеда раніцы дабілі. Як?”
Як даведалася Еўрарадыё, гаворка ідзе пра забойства, якое адбылося ў Чэрыкаўскім раёне Беларусі ў красавіку 2019 года. Жанчына — школьны псіхолаг — атрымала 130 удараў нажом. Каб схаваць злачынства, яе дом падпалілі.
У забойстве падазраюць двух яе былых вучняў: братоў 1998 і 2000 гадоў нараджэння. У Магілёўскім абласным судзе Еўрарадыё распавялі, што прысуду па іх справе яшчэ не было!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.