Спартоўцы з РБ змогуць выступаць на турнірах, але ў нейтральным статусе — МАК

На Алімпіядзе ў Парыжы беларусы змогуць выступіць толькі ў нейтральным статусе, ілюстрацыйнае фота

На Алімпіядзе ў Парыжы беларусы змогуць выступіць толькі ў нейтральным статусе, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Міжнародны алімпійскі камітэт пакінуў без зменаў умовы ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах для беларускіх спартоўцаў. Яны могуць выступаць і далей, але толькі ў нейтральным статусе. У заяве МАК таксама адзначаецца, што дагэтуль усе спаборніцтвы з нейтральным удзелам беларусаў праходзілі без інцыдэнтаў, а спартоўцы выконвалі строгія крытэрыі допуску.

Удзельнічаць у спаборніцтвах могуць і "асобныя нейтральныя спартоўцы" з Расіі, нягледзячы на адхіленне алімпійскага камітэта гэтай краіны (АКР). У МАК нагадалі, што "дзейнасць АКР была прыпыненая праз яе аднабаковае рашэнне ўключыць у лік сваіх чальцоў рэгіянальныя спартыўныя арганізацыі, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні НАК Украіны". Такое стаўленне да тэрытарыяльнай цэласнасці суседняй краіны парушае алімпійскую Хартыю. У МАК таксама пацвердзілі "нязменную салідарнасць і падтрымку ўкраінскім спартоўцам і ўкраінскай алімпійскай супольнасці з боку ўсяго Алімпійскага руху".

Нагадаем, у ліпені прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах афіцыйна запрасіў 203 краіны на Алімпійскія гульні, якія пройдуць у наступным годзе ў Парыжы. Беларусі і Расіі ў гэтым спісе не аказалася. Але ў нейтральным статусе беларускія спартоўцы ўдзельнічаць могуць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі