Суд над "выдатнікамі аховы здароўя". Анлайн

Ігар Ласіцкі / Еўрарадыё
Ігар Ласіцкі / Еўрарадыё

16 студзеня Мінскі гарадскі суд працягваў разглядаць карупцыйную "справу медыкаў". Фігуранты на гэтым працэсе — былы намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі і былы галоўны ўрач 12-й стаматалагічнай паліклінікі Уладзімір Краўчонак. Медыкаў абвінавачваюць у тым, што цягам некалькіх гадоў яны бралі хабар ад кіраўнікоў фірмаў, якія займаюцца пастаўкамі медыцынскіх вырабаў і абсталявання, а таксама прадстаўляюць спонсарскую дапамогу для лабараторных выпрабаванняў.

У прыватнасці, Ласіцкага абвінавачваюць па ч. 3 арт. 430 КК РБ (атрыманне хабару асобай, якая займае адказную пасаду). Краўчонка абвінавачваюць па двух артыкулах: чч 2 і 3 арт. 430 (атрыманне хабару паўторна, у асабліва буйным памеры), ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі) КК.

Перад пачаткам асноўнага працэсу адбылося папярэдняе пасяджэнне — Уладзімір Краўчонак заключыў дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве. У адпаведнасці з ім, абвінавачаны прызнаў віну, кампенсаваў шкоду дзяржаве і супрацоўнічаў са следствам. Краўчонак правёў у СІЗА 4 месяцы, а з кастрычніка 2018 года знаходзіцца пад хатнім арыштам. У абвінавачванні Ігара Ласіцкага фігуруе эпізод, калі яму перадаў $2000  Краўчонак — за дапамогу ва ўрэгуляванні пытання, звязанага з клінічнымі выпрабаваннямі новых зубных імплантатаў. Менавіта гэты эпізод значыцца ў пастанове аб завядзенні крымінальнай справы супраць экс-намесніка міністра.

З абвінавачання фігурантам стала ясна, што некалькі гадоў яны бралі хабар рознымі сумамі — ад 300 рублёў да €15 000. Па словах Ласіцкага, ён траціў гэтыя грошы на лячэнне некрозу галоўкі тазасцегнавога сустава і аплату вучобы сына ў БДМУ. Краўчонак жа адпачываў з жонкай у санаторыі і за мяжой і таксама аплачваў навучанне дачкі ў медыцынскім універсітэце.

14 студзеня суд перайшоў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы і допыту сведак (усяго іх 50). Сведкі, якія перадавалі грошы Уладзіміру Краўчонку, першапачаткова не расцэньвалі свае дзеянні як дачу хабару.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі