Стала вядома, калі будуць апошнія перавозкі ядзернай зброі ў Беларусь

Беларускі вайсковец каля ракетнага комплексу "Іскандэр-М", які можа быць носьбітам ядзернай зброі / Мінабароны РБ
Беларускі вайсковец каля ракетнага комплексу "Іскандэр-М", які можа быць носьбітам ядзернай зброі / Мінабароны РБ

Вызначаны парадак дастаўкі тактычнай ядзернай зброі і адпаведнага спадарожнага абсталявання на станцыі Беларускай чыгункі. Як піша @belzhd_live, для гэтага былі прааналізаваны адпаведныя дакументы па перавозках паміж РФ і РБ.

Высветлілася, што расіяне вязуць ядзерную зброю чыгункай да станцыі Прудок (Гарадоцкі раён Віцебскай вобласці). Першыя тры адпраўкі былі запланаваныя на чэрвень, яшчэ тры — на лістапад 2023-га. Грузы дастаўляюць з Паўднёва-Уральскай, Заходне-Сібірскай і Горкаўскай чыгункі. З Прудка грузы ўжо размяркоўваюць у вызначаныя раёны на тэрыторыі нашай краіны.

Акрамя таго, у кастрычніку-лістападзе запланаваныя пастаўкі абсталявання, неабходнага для захоўвання ядзерных боепрыпасаў, у Баранавічы і Лунінец. А на станцыю Коласава (Стаўбцоўскі раён) ужо былі адпраўленыя зенітныя ракетныя комплексы супрацьракетнай абароны С-400. Дарэчы, адзін такі комплекс быў заўважаны ў Прудку яшчэ ў сакавіку сёлета. А ў пачатку лета стала вядома, што С-400, які прыбыў з Расіі, паставілі на дзяжурства ў Смалявіцкім раёне.

Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін упершыню заявіў, што ў Беларусь будзе пастаўлена расійская тактычная ядзерная зброя, 25 сакавіка 2023-га. 16 чэрвеня Пуцін распавёў, што першыя ядзерныя зарады ўжо ў Беларусі, а працы па размяшчэнні расійскай тактычнай ядзернай зброі збіраюцца завяршыць да канца года. 27 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што "большая частка" ядзернай зброі ўжо завезена з Расіі ў Беларусь. Ён лічыць, што Захад не адсачыў гэтыя пастаўкі з РФ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі