Большая частка ядзернай зброі завезена ў Беларусь — Лукашэнка
Беларусы дапамагаюць "абслугоўваць гэтую ядзерную зброю" / Ілюстрацыйнае фота з архіва Еўрарадыё
27 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што "большая частка" ядзернай зброі завезена з Расіі ў Беларусь. Паводле яго слоў, ахоўваюць яе "расіяне і беларусы". А вось абслугоўваннем займаюцца расійскія вайскоўцы. "Працуем разам. У нас вопыту такога няма", — кажа Лукашэнка. І дадае, што беларусы дапамагаюць "абслугоўваць гэтую ядзерную зброю".
Таксама Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што вагнераўцы, якія прыедуць з РФ у Беларусь, ядзерную зброю ахоўваць не будуць.
Уладзімір Пуцін упершыню заявіў, што ў Беларусь будзе пастаўлена расійская тактычная ядзерная зброя, 25 сакавіка 2023-га. Масква падкрэслівае, што захавае кантроль над ёй. 16 чэрвеня Пуцін распавёў, што першыя ядзерныя зарады ўжо ў Беларусі, а працы па размяшчэнні расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі збіраюцца завяршыць да канца года.
Аляксандр Лукашэнка спрабуе пераканаць, што размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі — гэта яго просьба і настойлівае патрабаванне. Ён спадзяецца з яе дапамогай захаваць сваю ўладу.
Расія не будзе даваць інфармацыю пра ядзерныя зарады ў Беларусі, заявіў нядаўна намеснік кіраўніка МЗС РФ Сяргей Рабкоў. Але зусім магчыма, што ўсе таямніцы "выпадкова" раскажа Аляксандр Лукашэнка.
У NATO заяўляюць, што сочаць за сітуацыяй з размяшчэннем ядзернай зброі ў Беларусі. А Лукашэнка лічыць, што Захад не адсачыў гэтыя пастаўкі з РФ.
У Беларусі выпрацоўваюць... "алгарытм прымянення тактычнай ядзернай зброі ў выпадку знешняй агрэсіі". І гэта пры тым, што кантроль за ядзернай зброяй знаходзіцца ў Масквы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.