Стала вядома, што будзе з габрэйскімі надмагіллямі, знойдзенымі ў цэнтры Мінска
29 траўня, як паведамляла Еўрарадыё, на будаўніцтве новага корпуса Мінскага метрапалітэна знайшлі надмагільныя пліты з габрэйскіх могілак.
Галоўны інжынер Дырэкцыі па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна Аляксей Мурач распавёў парталу tut.by, што магільныя пліты апынуліся падмуркам універсітэцкага будынка, разабранага яшчэ раней.
"Мы апавясцілі габрэйскі музей і адправілі ім пліты. У такіх выпадках мы выклікаем спецыялістаў з музея, афармляем знойдзены артэфакт. Яны кажуць, дзе пакідаць, і ўжо самі вырашаюць, што з імі рабіць далей. Наша задача — аддаць. Мы нават не ведаем, адкуль пліты былі прывезены на гэтае месца", — патлумачыў спецыяліст.
Дырэктар музея гісторыі і культуры габрэяў Беларусі, старшыня Рэспубліканскага фонду "Халакост" Вадзім Акапян распавёў, што надмагільныя габрэйскія камяні будаўнікі метро сталі знаходзіць яшчэ гады тры-чатыры таму. Тады і была падпісаная дамова, каб знойдзеныя артэфакты звозілі на былыя габрэйскія могілкі на вуліцы Сухой.
"Пару месяцаў таму, калі ішлі працы на Ленінградскай, будаўнікі натыкнуліся на падвальныя памяшканні і ўбачылі, што яны складзеныя таксама з магільных пліт", — кажа Акапян.
Цяперашняя знаходка — гэта не пахаванні. Па словах дырэктара музея, габрэйскія могілкі былі на месцы будоўлі корпуса да канца ХІХ стагоддзя. Пасля яго закрыцця ўсе пахаванні перанеслі, але засталіся некаторыя пліты. Чалавечых парэшткаў там няма.
"Месца магільных габрэйскіх пліт — на габрэйскіх могілках. Хай і былых. Што рабіць з камянямі далей? Гэта ўжо чыста фінансавае пытанне. З іх трэба рабіць лапідарый, каб камяні не валяліся, таму што гэта не па-чалавечы. Робіцца сцяна, і туды ўмуроўваюцца магільныя пліты. У Польшчы на месцы былых габрэйскіх могілак гэта распаўсюджана", — дзеліцца Акапян сваім бачаннем сітуацыі.