Стала вядома, у якіх умовах трымаюць Хіжынкову: вошы і скразнякі
Мадэль Вольгу Хіжынкову трымаюць на Акрэсціна ў камеры з бяздомнымі, у якіх поўна вошай. Пра гэта распавяла журналістка партала TUT.by і газеты "Новы час" Аляксандра Квіткевіч.
1 снежня Квіткевіч выйшла на волю з ЦІП на Акрэсціна. Яе затрымалі 16 лістапада пасля маршу пенсіянераў, які яна асвятляла. Дзяўчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі і асудзілі на 15 сутак.
У ізалятары яна сядзела некалькі дзён з міс Беларусь-2008 Вольгай Хіжынковай. Па словах Аляксандры, у адной з камер былі вошы ў матрацы, таму журналістка спала на лаўцы. З Хіжынковай яны штодня правяралі адна адну на наяўнасць вошай. Потым іх перавялі ў двухмесную камеру, дзе яны сядзелі ўчацвярох. У гэтай камеры не працавала прыбіральня, з вокнаў дзьмула, і ў выніку журналістка захварэла на ангіну.
Вольга Хіжынкова была затрыманая 8 лістапада. Яе судзілі тройчы — кожны раз за ўдзел у акцыях. На волю яна павінна выйсці 11 снежня.
Раней пра ўмовы на Акрэсціна, якія нагадваюць катаванні, расказвала баскетбалістка Алена Леўчанка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.