Стала вядома, якую сетку рэстаранаў "накрыў" Дзяржкантроль

Рэстаран "СушыДом" / t.me/kgk_oficial
Рэстаран "СушыДом" / t.me/kgk_oficial

Стала вядома, якая сетка кавярняў і рэстаранай трапіла пад крымінальную справу, пачатую Камітэтам дзяржкантролю (КДК). Гэта сетка "СушыДом". Яе апазналі па інтэр'еры адной з кавярняў і заканчэнні URL-адраса сайта сеткі, бачным на адным з фота.

Праверкі з КДК, верагодна, прыйшлі ў гэтую сетку напрыканцы лістапада, пішуць "Народныя навіны Віцебска". 30 лістапада на старонках сацсетак "СушыДом" з'явілася паведамленне, што праца прыпыненая па тэхнічных прычынах.

5 снежня на старонцы "СушыДом Віцебск" таксама з'явілася паведамленне, што ўстанова прыпыняе акцыю на дзень нараджэння, штодзённыя розыгрышы і дзеянне промакодаў да поўнага аднаўлення працы.

Сетка "СушыДом" была зарэгістраваная ў 2020 годзе. Арганізацыя мае сетку міні-кавярняў у Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Валодаюць сеткай расіянка Крысціна Луцай і яе муж-віцяблянін Алег. Акрамя "СушыДом" яны валодаюць локшыннымі "ЦайЛу".

Як распавядала Еўрарадыё, на ўласнікаў і службовых асобаў сеткі пачалі крыміналную справу. КДК заяўляе, што амаль увесь персанал сеткі атрымліваў заробкі ў канвертах. Таксама кантралёры выявілі факты "штучнага драбнення бізнесу, утойвання выручкі". Затрыманыя сем чалавек, двух з іх узялі пад варту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі