Стала вядома, за што хочуць пазбавіць ліцэнзіі адваката Марыі Калеснікавай

Людміла Казак / TUT.BY
Людміла Казак / TUT.BY

Людмілу Казак, адваката Марыі Калеснікавай, могуць пазбавіць ліцэнзіі за адміністрацыйнае правапарушэнне, паведамляюць праваабаронцы. Пытанне, ці зможа Казак абараняць Калеснікаву і наогул далей працаваць адвакатам, будзе вырашацца 19 лютага на пасяджэнні Кваліфікацыйнай камісіі па адвакацкай дзейнасці.

У праваабаронцаў на руках аказалася апавяшчэнне аб пасяджэнні камісіі. Там сказана, што пытанне аб спыненні дзеяння ліцэнзіі Казак паўстала ў парадку дня з прычыны здзяйснення "дзеянняў, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру, што выявілася ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага арт. 23.4 КаАП".

Гаворка пра інцыдэнт, які адбыўся 24 верасня. Людміла Казак спяшалася на судовае пасяджэнне, але ў суд так і не даехала, знікла. Выпадковы сведка расказаў пазней журналістам, што бачыў, як невядомыя пасадзілі Казак у машыну, пры гэтым яна крычала: "Дапамажыце". Ноч адвакат правяла ў ізалятары на Акрэсціна. На наступны дзень яе асудзілі за непадпарадкаванне міліцыі. У якасці пакарання выпісалі штраф.

Стало известно, за что хотят лишить лицензии адвоката Марии Колесниковой
У судзе праз скайп / svaboda.org

Дысцыплінарная камісія Мінскай гарадской калегіі адвакатаў 20 студзеня ўжо прыцягнула Людмілу Казак да адказнасці: ёй была абвешчаная заўвага. Цяпер гаворка ідзе пра пазбаўленне ліцэнзіі.

Пры гэтым юрыст праваабарончага цэнтра Аляксей Лойка адзначае, што кропка ў гісторыі з адміністрацыйным правапарушэннем яшчэ не пастаўленая — у Вярхоўным судзе знаходзіцца скарга на судовую пастанову па той справе.

Праваабаронцы мяркуюць, што адвакатаў пераследуюць за іх прафесійную дзейнасць, у прыватнасці, Людмілу Казак — "выключна ў сувязі з ажыццяўленнем ёю абароны Марыі Калеснікавай".

Раней быў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі іншы абаронца Марыі Калеснікавай — Аляксандр Пыльчанка. У дачыненні да яшчэ двух яе адвакатаў распачатыя крымінальныя справы: Максім Знак знаходзіцца ў зняволенні, Ілля Салей — пад хатнім арыштам.

У мінулую пятніцу, 12 лютага, стала вядома, што Максіму Знаку і Марыі Калеснікавай выстаўленыя новыя абвінавачванні — у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК) і ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтве ім (ч. 1 арт. 361-1 КК).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі