Сталі вядомыя падрабязнасці суда над журналістам Мажэйкам і адвакаткай Юргілевіч

Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч на судзе / БЕЛТА
Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч на судзе / БЕЛТА

Журналіст Павел Мажэйка і адвакатка Юлія Юргілевіч, якіх судзяць у Гродзенскім абласным судзе, цалкам адмаўляюць сваю віну, перадае Радыё "Свабода". Ім пагражае да 6 гадоў зняволення па абвінавачанні ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці".

Паведамляецца, што ў справе фігуруюць два эпізоды, якія датуюцца 23 лютага і 30 сакавіка 2022 года. Паводле версіі следства, у гэтыя дні Юргілевіч падчас тэлефоннай размовы нібыта расказала Мажэйку пра свае звальненне з адвакатуры і пра вырак мастаку Алесю Пушкіну. Пракурор спрабуе даказаць, што менавіта Павел апублікаваў гэтую інфармацыю на старонцы "Белсата".

На судзе Юргілевіч заявіла, што яе трымаюць у "скоцкіх умовах" і не далі азнаёміцца са справай. Як паведамлялася раней, на першым пасяджэнні 10 ліпеня яна з'явілася ў робе з надпісам "Карцар №2".

Мажэйка і Юргілевіч адмовіліся даваць паказанні падчас расследавання. На судзе Мажэйка адказвае на пытанні выбарачна. Яго бацька Іван Мажэйка адмовіўся сведчыць супраць сына. Актор Васіль Калач, якога выклікалі на суд сведкам, не зявіўся.

Паведамляецца, што на суд Мажэйку і Юргілевіч прыводзяць у кайданках, але на час пасяджэння іх здымаюць. Выглядаюць абое даволі добра.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі