Сталічныя студэнты: Хачу добра зарабляць, ад 400 рублёў
17 лістапада — Міжнародны дзень студэнта. Таму выпраўляемся да сталічных ВНУ даведацца, кім пасля навучання студэнты збіраюцца стаць і які заробак плануюць атрымліваць.
Улад. Студэнт 1 курса мехмата БДУ. Атрымлівае спецыяльнасць "механіка-матэматычнае мадэляванне".
"Буду працаваць праграмістам, а дзе — пакуль не ведаю, як атрымаецца: ці ў Мінску, ці за мяжой у якой-небудзь вялікай фірме. Зарабляць буду каля 1000 долараў — гэта рэальна для праграмістаў. У тым, што абраў менавіта гэтую спецыяльнасць, не расчараваўся, наадварот, нават вельмі рады. Усё атрымалася выпадкова — падаў дакументы ў апошні дзень і паступіў на бюджэт".
Анастасія — 3 курс факультэта прыродазнаўства БДПУ. Будучы хімік.
"Планую працаваць настаўніцай хіміі ў школе. Мне вельмі падабаецца гэты кірунак. Можна сказаць, што калі я сюды паступіла, я яшчэ больш палюбіла будучую прафесію: хацела быць медработнікам, але пайшла ў педагогіку, і мне спадабалася. Заробкі ў школе зусім не вялікія, то бок на пачатковым этапе гады два-тры будзе дакладна тры мільёны, але я ведаю, як можна зарабіць больш, займаючыся выкладчыцкай дзейнасцю. Можа займацца рэпетытарствам і развівацца ў гэтай сферы".
Жэня. Студэнт 1 курса факультэта прыкладной матэматыкі БДУ. Спецыяльнасць — "эканамічная кібернетыка".
"Дакладных думак, кім я стану, у мяне няма. Калі па спецыяльнасці, то гэта праграміст, фінансіст і г.д. Гэта калі з дапамогай розных матэматычных метадаў мы вылічваем імавернасць таго, "пракаціць" пэўная здзелка ці не, ці якія перспектывы ў кампаніі. Калі буду працаваць па спецыяльнасці, не буду супраць. Мне гэта цікава. Але калі буду працаваць не па спецыяльнасці, не буду скардзіцца, што патраціў гэтыя чатыры гады тут. Канечне, у будучыні хочацца атрымліваць заробак добры. Але зразумела, што пасля ўніверсітэта, па сутнасці, не буду з сябе нічога ўяўляць. Бо канкрэтнай практыкі ў мяне не будзе. І таму мне давядзецца працаваць за мінімальны ці сярэдні заробак. Але, думаю, я пачну працаваць да выпуску з універсітэта. Напрыклад, цяпер я згодны працаваць за мінімальны заробак, за тры мільёны на працы, не звязанай са спецыяльнасцю. А так на 500 долараў я дакладна змагу пражыць. Але хочацца імкнуцца да большага".
Вераніка, хімфак БДУ, кафедра радыяцыйнай хіміі, 3 курс.
"Я планую стаць хімікам-фармацэўтам. У мяне два варыянты: можна ісці на завод і кантраляваць вытворчасць лекавых сродкаў ці таксама на завод, але кантраляваць паступленне сыравіны да вытворчасці альбо канчатковы прадукт. Я б больш хацела кантраляваць паступленне сыравіны. Заробак? Складанае пытанне. Думаю, пасля ўніверсітэта можна разлічваць на заробак каля 4 мільёнаў".
Саша — з БНТУ, 4 курс інжынерна-педагагічнага факультэта, спецыяльнасць — "педагог-праграміст".
"Хацелася б працаваць праграмістам. Але ў прынцыпе ад дзейнасці выкладчыка я таксама не адмаўляюся. Можна сумяшчаць і тое, і тое. Калі буду праграмістам, заробак будзе добры. Педагогі кажуць, што атрымліваюць 4-5 мільёнаў. На першы час гэта нават нармальна".
Ксенія. Вучыцца на 2 курсе факультэта камерцыі і турызму БДЭУ па спецыяльнасці "камерцыйная дзейнасць".
"Бачу сябе ў сферы, звязанай з эканомікай: таваразнаўца, эканаміст, бухгалтар. Хачу добра зарабляць, ад 400 рублёў, але не факт, што мне будуць столькі плаціць адразу. А вучоба падабаецца. Вучыцца лёгка".
Антон вучыцца на 1 курсе фізфака БДУ на фізіка-ядзершчыка.
"Натуральна, планую ўладкавацца па спецыяльнасці. Я прыехаў з Латвіі, з Еўропы, спадзяюся, што пасля заканчэння ўніверсітэта змагу з'ехаць у Германію ці Францыю. Было б вельмі цікава паспрабаваць працаваць там на атамнай станцыі. Заробак? Хацелася б ад тысячы еўра, гэта было б аптымальна. Але ў прынцыпе я сціплы чалавек, нават 600 задаволілі б. Калі атрымаецца, і тут нават магу застацца".
Анастасія. Вучыцца на трэцім курсе факультэта прыродазнаўства БДПУ па спецыяльнасці "хімія-біялогія".
"Спачатку трэба будзе адпрацаваць у школе, бо вучуся на бюджэце. А затым думаю паступаць далей, на англійскую мову ці дызайн, праўда, пакуль не вырашыла, куды. Так атрымалася, што я паступіла туды, куды не хацела, і падчас вучобы ўпэўнілася, што гэта зусім не маё і быць выкладчыкам я не хачу. Канечне, у школе, калі ацэньваць сітуацыю цвяроза, шмат грошай не будзе. Думаю, мільёны тры. А хацелася б хаця б шэсць-сем".
Станіслаў — з БНТУ. Ён вучыцца на інжынерна-педагагічным факультэце на 4 курсе.
"Буду інжынерам, але якога профілю, пакуль не вызначыўся. Магчымасцяў шмат. Буду працаваць ці ў Гомелі, ці ў Маскве, як атрымаецца. Выпускнікі нашага факультэта становяцца ці выкладчыкамі ў каледжах і ўніверсітэтах, ці інжынерамі на будоўлях у розных арганізацыях. Хацеў бы зарабляць добра, каля 1000 рублёў".
Сяброўкі Вераніка і Стася — студэнткі 1 курса юрфака БДУ. Іх спецыяльнасць — "эканамічнае права".
"Пакуль мы яшчэ дакладна не ведаем, дзе будзем працаваць, бо недзе на 2-3 курсе пачнецца практыка і размеркаванне, тады будзе бачна. Але ў любым выпадку будзем працаваць па спецыяльнасці — а гэта і адвакатура, і суд, і проста юрыст у любой сферы. Наконт заробку... Хацелася б паболей. Былыя студэнты кажуць, што хтосьці ўвогуле не можа працаўладкавацца, а камусьці вельмі пашанцавала. Веданне англійскай мовы і добры бал — і ўсё атрымаецца".
Улад, Іван і Данііл — студэнты хімфака БДУ. Іх спецыяльнасць — "хімія высокіх энергій".
"Магчыма, мы будзем працаваць на новай Астравецкай АЭС. Нашу спецыяльнасць спецыяльна стварылі, каб рыхтаваць кадры на станцыю. Заробак мінімальны там пачынаецца ад 600 рублёў. А хацелася б больш разы ў два. Але гэта залежыць ад таго, кім ты будзеш. Ды і ўвогуле, калі станцыю запусцяць, заробкі падымуць яшчэ на 30%. Мы ўжо праходзілі стажыроўку на АЭС у Браціславе і Санкт-Пецярбургу, там дастаткова высокі ўзровень бяспекі. Так што будучай працы не баімся".