Станіслаў Драгун патлумачыў, чаму дагэтуль не з'ехаў з Беларусі

Станіслаў Драгун / t.me/pressballby/
Станіслаў Драгун / t.me/pressballby/

Былы паўабаронца БАТЭ Станіслаў Драгун, які сёлета ў 35 гадоў аб'явіў пра заканчэнне прафесійнай кар'еры гульца, правёў прэс-канферэнцыю ў Доме футбола ў Мінску. Між іншым, ён патлумачыў, чаму дагэтуль не з'ехаў з Беларусі.

"Вельмі люблю сваю краіну, яе выдатныя месцы, добрых людзей, якія тут жывуць, цытуе словы Драгуна "Прессбол". — Мая малая радзіма ў вёсцы Баравая, БАТЭ, зборная, бацькі, сям'я — усё знаходзіцца тут. Таму нікуды і не з'ехаў, хоць і прапаноўвалі і добрыя грошы. Хачу прыносіць карысць Беларусі, працуючы менавіта ў сваёй краіне".

Станіслаў Драгун прызнаецца, што яшчэ адаптуецца да жыцця без футбола, больш часу праводзіць з сём'ёй. Паводле яго слоў, былі варыянты працягнення кар'еры: "Клікалі і ў Расію, і ў Казахстан". Але ён не паехаў. Застаўся верны БАТЭ.

"У адзін цудоўны дзень паглядзеў на сябе ў люстэрка, зразумеў, што набраў лішнюю вагу і вырашыў павесіць буцы на цвік. Гульца ў сабе ўжо забіў", — прызнаецца Драгун. Трэнерам ён станавіцца не хоча, мае дыплом па спецыяльнасці "спартыўны дырэктар".

У канцы 2022-га Станіслаў Драгун трапіў у "чорны спіс" Мінспорту РБ, і сёлета яму не дазволілі гуляць у беларускім чэмпіянаце. Спартыўныя функцыянеры склалі спіс футбалістаў, якія ў 2020-м на відэа сказалі "Мы супраць гвалту!", і ім гэтага не могуць дараваць. З імі ці скасаваныя, ці не заключаныя кантракты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі