Студэнты збяруць грошы на аплату штрафу за ўдзел у акцыі пратэсту
Штрафам у памеры 4,5 мільёна рублёў за “ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве” пакараў суд удзельніка студэнцкай акцыі пратэсту Паўла Сяргея. Грошы на аплату штрафу будуць збіраць сярод студэнтаў, паведаміў у гутарцы з Еўрарадыё Яўген Амялькоў.
Амялькоў: “Ён не павінен у гэты час быць адзін, адчуваць, што яго пакаралі і ўсе ад яго адвярнуліся і ніхто яму не дапаможа. Не, безумоўна, мы будзем ахвяраваць грошы і заклікаць да гэтага астатніх. Магчыма, звернемся па дапамогу да нейкіх моладзевых арганізацый, да студэнтаў звычайных. Карацей, збор сродкаў будзе, паспрабуем сабраць усю неабходную суму”.
Прысуд Паўлу Сяргею не пазбавіў студэнтаў ахвоты далей адстойваць свае правы. Па словах Яўгена Амялькова, зараз яны рыхтуюць заяву ў пракуратуру на дзеянні кіраўніцтва БДУ, якое ўвяло аплату за пераздачу залікаў і іспытаў. Плануецца, што ўжо 25 снежня гэтая заява будзе накіраваная ў пракуратуру.
Нагадаем, што студэнцкая акцыі пратэсту адбылася 2 снежня. Студэнты БДУ пратэставалі супраць увядзення платы за пераздачу залікаў і іспытаў. На асобных удзельнікаў акцыі былі складзеныя пратаколы за “ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”.
Фота: Еўрарадыё